27 снежня 2024, Пятніца, 10:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БХК: Рашэнне Лукашэнкі стварыць працоўныя лагеры – незаконнае

20

Намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Таццяна Гацура, каментуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі, заявіла: «Стварэнне працоўных лагераў для нядбайных бацькоў супярэчыць міжнароднаму праву і практыцы».

Нагадаем, беларускі кіраўнік заявіў аб неабходнасці стварыць у кожнай вобласці працоўны лагер для нядбайных бацькоў, якія не жадаюць кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей. "Калі яны будуць пастаўленыя ў такія ўмовы, яны тысячу разоў падумаюць, ці ім жыць у ранейшых умовах, ці будуць тут працаваць. Норму не выпрацаваў, дзве заўвагі, на трэцюю — у працоўны лагер, а там самыя жорсткія ўмовы. Вось тады яны будуць трэсціся і баяцца, і яны будуць лепш працаваць прымусова, выконваць тры нормы за суткі, чым яны патрапяць у такі лагер. Калі б гэта было зроблена, я ўпэўнены, мы б такім чынам не абмяркоўвалі гэтую праблему. За год сітуацыя змянілася б!" — сказаў А.Лукашэнка.

Т.Гацура адзначыла, што ў Беларусі дзяржава шмат робіць для эфектыўнай абароны дзяцей. "Аднак стварэнне працоўных лагераў для нядбайных бацькоў — іншая справа. У канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы, якую ратыфікавала Беларусь, аб гэтым нічога не кажацца. У міжнародным праве дапускаецца ўжываць прымусовую працу ў выпадку вайсковага становішча, іншых падобных надзвычайных сітуацыях", — паведаміла яна.

Т.Гацура сказала, што працоўныя лагеры ў Беларусі могуць быць створаныя ў эканамічных мэтах. "Гэтым дзяржава паказвае, што ў яе няма грошай для выхавання і ўтрымання кінутых бацькамі дзяцей", — падкрэсліла яна.

Праваабаронца лічыць, што дзяржаве "трэба звяртаць больш увагі не на папаўненне выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, а на папярэджанне падобных сітуацыяў".

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках