24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяткевіч: Цімаці Бэл свой «інвэстыцыйны форум» ужо правёў у Беларусі і грошы атрымаў

1

Сакратар Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Сяргей Пяткевіч заявіў у інтэрв’ю «Радыё Свабода», што лорд Бэл, наняты беларускімі уладамі паляпшаць іхні імідж, ужо атрымаў заробак за сваю працу, але вось ейных вынікаў у Брытаніі проста ня бачна.

Сяргей Пяткевіч нагадаў, што перад будынкам, дзе праходзіў Беларускі інвэстыцыйны форум, актывісты Згуртаваньня раздавалі газэту «Звон» у выглядзе ўлёткі з інфармацыяй пра сытуацыю ў Беларусі.

«Улётка наўпрост ня тычылася самой мэты форуму -- інвэстыцыяў. Мы сыходзім з таго, што кожны мае права атрымліваць інфармацыю пра сытуацыю ў краіне ня толькі з афіцыйных прыгожых буклетаў форуму. Бо калі інвэстар прымае рашэньне, ён павінен ведаць сытуацыю ў краіне з шмат якіх бакоў. Людзі бралі ўлёткі, заходзілі ў будынак, але далей мы ня ведаем, як яны рэагавалі на тэкст гэтых улётак», - кажа Сяргей Пяткевіч.

Ён паведаміў, што для Лёндану Беларускі інвэстэцыйны форум ня стаў заўважнай падзеяй.

«Лёндан – такі горад, дзе такіх форумаў праходзіць шмат. Таму форум мае важнае значэньне толькі для людзей, якія ў ім удзельнічаюць. Зразумела, калі б форум праходзіў у Менску, былі б і расьцяжкі, і рэкляма. У Лёндане такога няма. Інфармацыі на тэлебачаньні і ў газэтах не было. Зразумела, шараговыя лёнданцы пра форум ня ведаюць. Ведаюць толькі тыя, хто ў ім заняты» - сказаў Сяргей Паяткевіч.

Сакратар Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі лічыць, што лорд Бэл, як бізнэсовец, свае грошы атрымаў. Але наступствы ягонай працы у паляпшэньні іміджу Беларусі, прынамсі ў Вялікай Брытаніі, не адчуваюцца.

«Мне падаецца, што Цімаці Бэл свой інвэстыцыйны форум ўжо правёў пасьпяхова ў Беларусі і як бізнэсовец свае грошы атрымаў. Што тычыцца Вялікай Брытаніі, дык сёньня выйшаў вялікі агляд пра Беларусь у газэце Financial Times. Дагэтуль, на жаль, цікавых артыкулаў не было. Я думаю, што калі ён склаў нейкую піяр-праграму, то яна яшчэ будзе раскручвацца», - лічыць Сяргей Пяткевіч.

Ён распавёў аб працы беларускай дыяспары і зазначыў, што ў Брытаніі людзі неабыякава ставяцца да таго, што робіцца ў Беларусі.

«Дыяспару можна падзяліць на дзьве часткі. Адна з гэтых частак частка арганізаваная. Тут ёсьць пяць арганізацый, і Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі – гэта найстарэйшая арганізацыя, якая была заснаваная ў 1946 годзе. Другая арганізацыя – гэта Ангельска-беларускае таварыства, якому больш за 50 гадоў. Таксама мы маем Беларускі дабрачынны фонд, каталіцкую місію і бібліятэку імя Скарыны.

Вакол гэтых пяці арганізацый гуртуюцца людзі, якія неабыякава ставяцца да таго, што робіцца ў Беларусі. Мы маем сяброў і прыяцеляў, якія не ўваходзяць у арганізацыю, але прыходзяць на розныя мерапрыемствы. Мы ладзім сьвяткаваньні ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, Слуцкага збройнага чыну, бярэм удзел у сьвяткаваньні Калядаў, Купальля, у адзначэньні Дзядоў, ладзім гадавыя зьезды, запрашаем паэтаў, пісьменьнікаў зь Беларусі», - паведаміў Сяргей Пяткевіч.

Па ягоных словах, пяць беларускіх арганізацый за мяжой мірна суіснуюць і маюць адзіную пазыцыю.

«Брытанія, мусіць. накладае нейкі адбітак на людзей. Нам пашчасьціла прайсьці гэты доўгі гістарычны пэрыяд пасьля вайны безь вялікіх перашкод, безь вялікіх канфліктаў», - заўважыў Сяргей Пяткевіч.

Нагадаем, 18 лістапада ў Лёндане прайшоў Беларускі інвэстыцыйны форум, дзякуючы якому беларускія ўлады спадзяюцца прыцягнуць у эканоміку краіны замежныя інвэстыцыі. Перад будынкам, дзе праходзіў Беларускі інвэстыцыйны форум, актывісты Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі раздавалі газэту «Звон» з інфармацыяй пра сытуацыю ў Беларусі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках