Бензін у Беларусі -- самы дарагі ў рэгіёне
26- 19.11.2008, 8:47
З пачатку лістапада кошты на бензін у нашых суседзяў зноў упалі. Кошты працягваюць расці толькі ў Беларусі.
Адыйшлі ў мінулае часы, калі прымежныя жыхары зараблялі на перавозках беларускага бензіну ў баках аўто да бліжэйшых суседзяў. Зараз жыхары суседніх краін змогуць зарабляць такім чынам. З пачатку лістапада кошты на бензін у нашых суседзяў зноў упалі. У Літве літр 95-га стаў каштаваць менш за еўра. У пераліку на беларускія рублі літр такога паліва каштуе ўсяго 2600. На 210 рублёў танней, чым у Беларусі, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».
У Расеі АІ-95 на гэтым тыдні патаннеў на рубель (78 беларускіх рублёў). Ва Ўкраіне прэм'ер-міністр Юлія Цімашэнка дала даручэнне збіць кошт да 1850 рублёў за літр.
- Я думаю, што далей мы будзем працаваць над тым, каб кошт быў ніжэй за 5 грн., у адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі на нарадзе пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра, - заявіў міністр паліва і энергетыкі Ўкраіны Юры Прадан, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Лігабізнэсінформ».
З суседзяў толькі палякі ўсё яшчэ купляюць бензін даражэй, чым беларусы. Праўда, у Польшчы кошты падаюць: за апошні тыдзень бензін патаннеў на 5 грошаў (35 беларускіх рублёў) і працягвае таннець.
А вось беларускія ўлады кошт на бензін утрымліваюць - паніжэння кошту пакуль не плануецца.
Колькі каштуе 95-ы бензін *
- Расея - 1750 рублёў
- Украіна - 1940 рублёў
- Літва - 2600
- Беларусь - 2810 рублёў
- Польшча - 3015 рублёў
*за літр у пераліку на беларускія рублі па курсе Нацбанка на 18 лістапада
Заўвага прэс-цэнтра Хартыі’97: Варта адзначыць, што заробкі ў Беларусі значна ніжэйшыя, чым ва ўсіх пералічаных краінах, за выключэннем толькі Ўкраіны.