24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыі салідарнасці ў Беларусі: Свабоду Баразенку! (Фота, відэа)

6
Акцыі салідарнасці ў Беларусі: Свабоду Баразенку! (Фота, відэа)

Адразу некалькі акцый з патрабаваннем вызваліць палітзняволеных прайшлі 16 лістапада, у Дзень салідарнасці, у цэнтры Менска. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронту» і «Маладой Беларусі» выходзілі на плошчы сталіцы з партрэтамі Аляксандра Баразенкі.

Адна з акцый салідарнасці прайшла на плошчы Якуба Коласа. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і «Маладога Фронту» сталі ля будынка філармоніі з партрэтамі Аляксандра Баразенкі. Маладыя людзі скандавалі «Свабоду палітвязням!», «Свабоду Баразенку!» Акцыя працягвалася 15 хвілін, ніхто з удзельнікаў не быў затрыманы.

Напярэдадні актывісты «Еўрапейскай Беларусі» правялі акцыю каля Камароўскага рынка. Маладыя апазіцыянеры, якія стаялі з партрэтамі палітвязня, прыцягнулі ўвагу мінакоў. Людзі рознага ўзросту падыходзілі да ўдзельнікаў акцыі і цікавіліся лёсам Аляксандра Баразенкі, арыштаванага толькі за ўдзел у мірнай акцыі прадпрымальнікаў.

Увечары 16 кастрычніка на Кастрычніцкую плошчу вышлі больш за 20 актывістаў ініцыятывы «Маладая Беларусь». Апазіцыянеры змаглі прастаяць з партрэтамі Аляксандра Баразенкі зусім няшмат часу. Супрацоўнікі АМАПа ў цывільным выцеснілі іх з плошчы з ужываннем сілы.

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» паспрабавалі прайсці маршрут ГУМ-КДБ-следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Да ізалятара, дзе змяшчаецца Баразенка, маладыя апазіцыянеры ішлі з прымацаванымі на грудзях і спіне партрэтамі палітвязня і з паднятымі за галавой рукамі. На перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Валадарскага да ўдзельнікаў акцыі падбеглі амапаўцы ў цывільным. Яны сталі хапаць апазіцыянераў, зацягваючы іх з праспекта ва ўнутраныя двары дамоў. Але частка пратэстуючых змаглі прайсці пад канвоем да вуліцы Гарадскі вал, дзе былі вызваленыя.

Акцыя салідарнасці адбылася таксама ля парка Чалюскінцаў, куды маладыя апазіцыянеры гэтаксама прыйшлі з партрэтамі Аляксандра Баразенкі.

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» 16 лістапада таксама расклейвалі ў метро і падземных пераходах цэнтра Менска партрэты зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста. Ля станцыі «Акадэмія навук» міліцыянтамі былі затрыманыя Марыя Касьян і Маргарыта Кароль. Дзяўчын абшукалі ў аддзяленні міліцыі пры метрапалітэне. У іх адабралі партрэты, але вызвалілі без складання пратаколу.

Акцыі салідарнасці прайшлі таксама ў рэгіёнах Беларусі – Брэсце, Салігорску, Гародні, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Мазыры і шматлікіх іншых гарадах.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка прама ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Характэрна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцый у адносінах высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Ужо асуджаныя па дадзенай справе 10 маладых апазіцыянераў таксама з'яўляюцца палітвязнямі, бо прысуджаныя да абмежавання волі і ў любы момант могуць патрапіць у турмы.

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках