24 лiстапада 2024, Нядзеля, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка супраць дыктатарскай прыватызацыі?

34
Лукашэнка супраць дыктатарскай прыватызацыі?

У выступе на нарадзе па пытаннях барацьбы з карупцыяй Аляксандр Лукашэнка вельмі нервова адрэагаваў на заявы лідэраў апазіцыі ў дачыненні да «прыватызацыі», якая адбываецца ў краіне. «У гэты няпросты перыяд некаторыя дамарошчаныя апазіцыйныя палітыкі заявілі аб будучай наменклатурнай прыватызацыі і перадзеле ўласнасці», -- заявіў ён.

«Супакойцеся, спадары, мы не дапусцім ніякай наменклатурнай прыватызацыі», - заявіў беларускі кіраўнік.

Як вядома, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў выступіў з заклікам «Не дыктатарскай прыватызацыі!». Апазіцыйны палітык неаднаразова заяўляў, што ва ўмовах дыктатуры, адсутнасці незалежнага суду, сапраўднага парламента і свабоды слова ў Беларусі немагчыма праводзіць сумленную і адкрытую прыватызацыю дзяржмаёмасці. У падобных умовах дзяржаўныя прадпрыемствы могуць перайсці ў рукі людзей, якіх вызначае дыктатар. Менавіта таму новы дэмакратычны ўрад не прызнае вынікі дыктатарскай прыватызацыі.

«Карупцыя ўцягне Беларусь у прорву эканамічных і палітычных узрушэнняў»

Сёння ж на нарадзе Лукашэнка прызнаў, што ў краіне надзвычай высокі ўзровень карупцыі. Нагадаем, што, паводле звестак міжнародных арганізацыяў, лукашэнкаўская Беларусь лідыруе сярод самых карупцыйных краінаў свету.

"Мяне абурае карупцыя, якая разрастаецца сярод тых, хто паводле службовага абавязку павінен з ёй змагацца. У хабарніцтве, іншых карыслівых дзеях аказваюцца замешанымі прадстаўнікі сілавых структураў, якія закліканыя прадухіляць і перапыняць гэтыя злачынныя з'явы", - заявіў беларускі кіраўнік.

"Да чаго ж мы дойдзем, калі барацьбой з карупцыяй займаюцца людзі, якія самі зневажаюць законы і нормы маралі? Што можна чакаць ад дзяржаўных органаў, упаўнаважаных выконваць кантрольныя і наглядныя функцыі, калі іх супрацоўнікі прымаюць "адкупныя" ад тых, каго правяраюць?", - спытаў А.Лукашэнка.

Акрамя таго, адзначыў беларускі кіраўнік, яго насцярожвае, "калі людзі ў пагонах здзяйсняюць учынкі, якія, калі паглядзець фармальна, юрыдычна дапушчальныя, але настолькі нядобрасумленныя з маральнага пункту гледжання, што іх нельга апраўдаць". У прыватнасці, паводле яго словаў, "у міністэрстве абароны самі для сябе прыдумалі ўнутраведамасныя ільготныя ўмовы для атрымання жылля". У якасці другога прыкладу Лукашэнка паведаміў, што "пракурорскі работнік вельмі танна купляе ў камерсанта вельмі камфартабельную кватэру з падземным гаражом. Але няўжо не ўзнікаюць думкі, якія насцярожваюць, чаму бізнэсмэн прадаў пракурору кватэру танней, чым яна рэальна каштуе? Дзе гэтыя грошы ўзяў пракурор, адкуль гэтыя мільёны?".

Акрамя таго, Лукашэнка заявіў аб фактах, калі "пад лецішчы адводзяць участкі мала таго, што ў прыродаахоўнай зоне, дык яшчэ і якія належаць дзіцячаму саду. Выкупляюць іх за капейкі, будуюць трохпавярховыя асабнякі і нічога не плацяць за камунікацыі. І асноўныя дзейючыя асобы - гаспадары гэтых дамоў - вялікія чыны аказваюцца ні прычым".

"Заступніцтва фірмаў, лабіяванне атрымання імі ліцэнзіі, квотаў, дазволаў. Закрыццё крымінальных справаў у дачыненні да "сваіх" бізнэсмэнаў і заказныя справы супраць іх канкурэнтаў. Вы што, не чуеце пра што кажуць людзі, і якія злоўжыванні выяўляюцца?", заявіў А.Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Лукашэнка лічыць, што "карупцыя - гэта пагроза палітычнай і эканамічнай бяспекі краіны". "Гэтае поўнае разбэшчванне дзяржаўнага апарата, абсалютная страта кіравання эканамічным сектарам і тормаз на шляху станаўлення прававой сацыяльнай дэмакратычнай дзяржавы", - сказаў ён.

Паводле яго словаў, у Беларусі "не дапусцілі масавага раскрадання дзяржаўнай уласнасці. У нас няма алігархаў, якія "нагрэлі рукі" на разграбленні народнага здабытку".

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што "падставаў для таго, каб супакойвацца і паслабляць барацьбу з гэтым злом, няма". У прыватнасці, прэзідэнт канстатаваў, што "хоць агульная колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў змяншаецца, хабарніцтва расце. І гэта тое, што захацелі выявіць. Павялічваецца маштаб матэрыяльнай шкоды ад карупцыйных дзеяў, а ўзровень іх кампенсацыі скарачаецца".

Паводле яго словаў, "у сферы дзяржкіравання толькі за 10 месяцаў бягучага года колькасць карупцыйных злачынстваў склала 347. З іх 104 здзейсненыя супрацоўнікамі органаў унутраных справаў, дзяржбяспекі, фінансавых расследаванняў, міністэрствы абароны, дзяржаўнага памежнага і дзяржаўнага мытнага камітэтаў". "І гэта тое, што выявілі", - сказаў Лукашэнка.

Ён назваў гэта "вельмі трывожнай тэндэнцыяй", якая сведчыць аб тым, што зніжаецца эфектыўнасць барацьбы з карупцыяй, не ўсе структуры, закліканыя быць на варце інтэрасаў дзяржавы і грамадзянаў, працуюць вынікова".

"Мы не можам адступіцца ад рашучага змагання з карупцыяй - іржой, здольнай уцягнуць краіну ў прорву эканамічных і сацыяльна-палітычных узрушэнняў", - заявіў ён.

Варта нагадаць, што аўтарытэтны часопіс «Форбс» назваў самога Лукашэнку адным з найбагацейшых людзей Усходняй Еўропы.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках