28 снежня 2024, Субота, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам пагражаюць дэфіцыт, затрымкі зарплаты і беспрацоўе

31

Эканамісты лічаць, што неўзабаве жыхарам Беларусі прыйдзецца сутыкнуцца з самымі негатыўнымі наступствамі фінансавага крызісу.

У апошні час у розных рэгіёнах Беларусі ўпершыню з 2000 года ізноў з'явіліся вулічныя мянялы -- валютчыкі. Гэта трывожны званочак аб тым, што дзяржаўная сістэма дала збой. Эксперты «Завтра твоей страны» прааналізавалі, якія спадарожныя дэфіцыту валюты з'явы могуць вярнуцца ў жыццё беларусаў і паўплываць на лёс краіны.

Самым негатыўным момантам для беларусаў у нестабільных эканамічных умовах палітолаг Ірына Бугрова лічыць тое, што грамадзяне нашай краіны не прызвычаіліся да рэакцыяў рынка. «Дзяржава, як магла, часцяком амартызавала нейкія збоі. На мой погляд, гэта не вельмі добра для беларусаў, таму што ў новых умовах яны могуць патрапіць у нечаканую для сябе сітуацыю. Самая вялікая небяспека крыецца ў тым, што яны ўскладаюць занадта вялікія надзеі на дзяржаву», -- кажа эксперт.

З якімі ж забытымі ўжо з'явамі, магчыма, прыйдзецца ізноў сутыкнуцца беларусам?

Адток грошай з банкаў

Міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў звязвае з'яўленне «чорнага» рынка валюты з праблемамі ў фінансавых сістэмах Украіны і Расеі. Валютчыкі з гэтых краінаў і скупляюць у Беларусі даляры, патлумачыў журналістам міністр. У той жа час палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што вяртанне валютчыкаў абумоўленае ўнутранымі прычынамі: «Як толькі з'явіўся дэфіцыт даляраў у абменных пунктах і банках, з'явіліся і спекулянты, якія спрабуюць на гэтым нажыцца. А спекулянт – гэта з'ява, народжаная чыста эканамічнымі прычынамі».

Аналітык Раман Якаўлеўскі падкрэслівае, што вяртанне валютчыкаў даказвае немагчымасць для Беларусі «абмінуць» сусветны фінансавы крызіс. «Яго праява на нацыянальным узроўні як раз у тым, што людзі захваляваліся і пачалі скупляць валюту», -- лічыць эксперт.

Можна чакаць адток грошай з банкаў. «Пакуль беларускія інвестары давяраюць банкаўскай сістэме, але калі раптам дзесьці не будуць выкананыя абумоўленыя гарантыі і тэрміны, дык людзі паспяшаюцца забраць грошы, -- прагназуе палітолаг Ірына Бугрова.

Дэфіцыт

Ізноў могуць даць аб сабе ведаць дэфіцыт і бартэр.

«Не хацелася б, каб бутэлька гарэлкі ізноў, як у пачатку 1990-х, стала разменнай манетай, - кажа Раман Якаўлеўскі. -- Але дэфіцыт, пра які мы ўжо крыху забыліся, нярэдка выяўляецца ў тым, што не заўсёды грошы могуць быць выкарыстаныя падчас таварнага абмену». Пакуль такога ажыятажу няма, але зараз цяжка прадказаць, што будзе заўтра ці паслязаўтра, падкрэслівае эксперт.

Футуролаг Аляксандр Патупа прапаноўвае паглядзець на праблему сістэмна. На яго думку, сітуацыя з залішнім дзяржаўным рэгуляваннем, у тым ліку коштавым, з высокімі мытнымі пошлінамі непазбежна прыводзіць да ўзнікнення дэфіцыту. «У прыватнасці, можа быць дэфіцыт грошай (скажам, даляраў, еўра), калі на іх узнікае падвышаны попыт, а прапанова адстае, -- кажа Аляксандр Патупа. -- Падобную сітуацыю нядаўна мы назіралі на рынку з кветкамі. Пусцеюць паліцы гіпермаркетаў – узнікае сур'ёзная праблема з таварамі, якія імпартуюцца. А як толькі з'яўляецца дэфіцыт, узнікае і ценявы рынак. З ім пачынаюць змагацца».

На самой справе, лічыць Аляксандр Патупа, змагацца трэба не з наступствамі, а з крыніцамі: высвятляць, адкуль дэфіцыт бярэцца, і ўздзейнічаць на гэты працэс чыста эканамічнымі метадамі.

Затрымкі выплаты зарплаты і беспрацоўе

Эксперты адзначаюць як адну з асноўных эканамічных праблемаў Беларусі, выкліканых сусветным фінансавым крызісам, – змяншэнне экспарту тавараў.

«Экспарт не толькі прамысловых тавараў, але і сельскагаспадарчай прадукцыі (малако, мяса, цукровы бурак) можа апынуцца пад вялікім пытаннем, -- лічыць палітолаг Ірына Бугрова. – Кожная краіна будзе імкнуцца захаваць свой рынак і ўводзіць абмежаванні для іншых вытворцаў, у ліку якіх апынецца і Беларусь».

І дрэнна гэта, на думку палітолага Валера Карбалевіча, ужо не толькі таму, што ўзнікае дэфіцыт грошай. «Могуць ізноў паўстаць нявыплаты зарплатаў на прадпрыемствах, якія пазбаўляюцца сваіх рынкаў збыту, у першую чаргу, у Расеі», - падкрэслівае эксперт.

Зараз працоўныя месцы на прадпрыемствах, якія не ў стане быць рэнтабельнымі, захоўваюцца за кошт бюджэтных уліванняў. Прадукцыя нярэдка ідзе на склад. «Калісьці надыйдзе тая мяжа, следам за якой непазбежна пойдзе скарачэнне працоўных месцаў. Пакуль гэтая праблема мінімізуецца, але калі гэта закране многія прадпрыемствы, дык магчымае масавае павелічэнне беспрацоўя», -- лічыць Ірына Бугрова.

Скарачэнне сацыяльных праграмаў

У нестабільных эканамічных умовах магчымае і скарачэнне дзяржаўных сацыяльных праграмаў. «Можа здарыцца так, што на іх проста не хопіць грошай у бюджэце з-за падзення коштаў на найважнейшыя экспартныя тавары – нафтапрадукты, а ў хуткім часе, магчыма, і на калійныя ўгнаенні», -- прагназуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Развал дзяржаўнай сістэмы

Перабор з дэфіцытамі (а галоўнае, выкарыстанне няправільных метадаў змагання з дэфіцытамі) можа служыць крыніцай развалу дзяржаўнай сістэмы, лічыць Аляксандр Патупа. «У прынцыпе, з'явы эканамічнай нестабільнасці, як і ва ўсялякай сістэме, могуць весці да фазавых пераходаў у іншы стан, у тым ліку і да палітычных пераўтварэнняў. Гэта ўзнікае ў той момант, калі эліта, прычым эліта другога эшалона, якой, натуральна, хочацца стаць першай, усвядоміць, што для захавання яе ўзроўня жыцця прасцей памяняць сістэму, -- аналізуе эксперт. -- І ў такім выпадку яна гэтую сістэму з задавальненнем «здае», што ў свой час было з савецкай наменклатурай. Перабудова – гэта быў абмен няўстойлівых прывілеяў на прыватную ўласнасць».

Такое цалкам магчымае з любой краінай, падкрэслівае Аляксандр Патупа. «Развіццё сур'ёзных няўстойлівасцяў у эканоміцы вельмі небяспечнае», -- папярэджвае эксперт.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках