27 лiстапада 2024, Серада, 18:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ляпіс Трубяцкой» праспяваў ў Расеі пра Лукашэнку

3

У Екацярынбургу гурт «Ляпіс Трубяцкой» прэзентаваў новы альбом «Manifest». Больш за ўсё расейцам спадабалася песня «Belarus Freedom».

Як піша екацярынбургскі сайт «JustMedia», у «рэвалюцыйны» дзень 7 лістапада беларускія госці выканалі ў сталіцы Ўрала цэлых дзве «песні пратэсту» — патрыятычны гімн «Belarus Freedom» і саркастычную па стаўленні да Аляксандра Лукашэнкі рэп-кампазіцыю «Кліп». Акрамя таго, са сцэны гучала класіка панк-рока і самае галоўнае — цвёрдая музыка з новага альбома «Manifest», які адкрыў новую старонку ў творчасці знакамітай беларускай каманды.

Як і вынікала меркаваць, выступленне пачалося песняй «Трубяцкой», што ўслаўляла Ляпіса як «апошняга героя рок-н-рола, пляменніка Гары Мура, касмічнага каўбоя і заснавальніка джаза». Затым Сяргей Міхалок у песні «Жлоб» распавёў, што яму «надакучыла быць вясёлым блазнам», а старыя песні хутка «загоняць у дамавіну».

«Ляпісы» маглі не хвалявацца. Старога ад іх у гэты вечар ніхто не патрабаваў. Для большай часткі публікі, што прысутнічала у зале, песні новага альбома «Manifest» ужо былі добра знаёмыя. І прымалі іх з энтузіязмам — як даўно любімыя хіты. Ужо пасля першых кампазіцый стала зразумела, што эксперымент па выкладванні новага альбома ў інтэрнэт для бясплатнай запампоўкі ў «Ляпіса Трубяцкога» атрымаўся. Хаця грошай на прэм'еры беларусы шмат не зарабілі, затое набылі масу новых прыхільнікаў, якія ў выніку прыносяць грошы на канцэрты.

Падчас свайго шоў «Ляпісы» выканалі ўсю праграму «Manifest», акрамя песні «Зорачкi». Таксама прагучала шмат кампазіцый з альбома «Капітал». Сваю раннюю творчасць беларусы амаль не чапалі. Толькі што на «Ты кінула» не забыліся, гэты хіт цалкам выканаў не Сяргей Міхалок, а Павел Булатнікаў. Паміж кампазіцыямі Сяргей Міхалок чытаў адначасова вельмі пафасныя і смешныя вершы.

На працягу ўсяго канцэрта зала падтрымліваў музыкаў актыўна і эмацыйна. Праграма новага альбома «Ляпіса Трубяцкога» з'яўляецца значна больш жорсткай, чым уся астатняя творчасць (цяпер беларусы граюць музыку з перавагай даволі агрэсіўнага ска-панка). Таму і публіка радасць ад праслухоўвання выяўляла вельмі экспрэсіўна: перад сцэнай маладыя людзі распачалі слэм. Штурхаліся, праўда, не моцна, бо скан-панк, ды і ўвесь «Ляпіс Трубяцкой» — гэта ўсёткі даволі пазітыўная музыка. Больш адважныя гледачы вырашаліся на эксперыменты са стэйдж-дайвінгам. Часам гэта было даволі пацешна. Напрыклад, на песні «Ты кінула» сам сябе кінуць са сцэны вырашыў даволі магутны жыхар Екацярынбурга, які важыў, мабыць, больш за сто кілаграмаў. Узлезшы на сцэну, гэты малады чалавек доўга рыхтаваўся да скачку, чым ладна павесяліў Сяргея Міхалка. Пасля першага скачку гэта масіўны жыхар горада паўтараў свой подзвіг яшчэ двойчы. І ніякія спробы аховы сагнаць скакуна са сцэны не дапамагалі.

Скончылася канцэртная праграма адмыслова для такіх мэт створанай кампазіцыяй з альбома «Капітал» — «Харэ» («Все, ребята, харе! Отработали лаве!»). Музыкі пакінулі сцэну. Але публіка ведала, што засталася няздзейсненай яшчэ адна кампазіцыя, аб якой «Ляпісы» наўрад ці маглі забыцца. Так і апынулася. Музыкі вярнуліся. Міхалок папрасіў у публікі прабачэння «за буржуазныя панты», і зайграла адна з самых яркіх песень новага альбома — «Belarus Freedom».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках