Ураду Беларусі пагражае адстаўка
13- 27.10.2008, 15:46
Менавіта такой жорсткай мерай пагражаў ураду Лукашэнка яшчэ год таму ў выпадку невыканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2008 год.
За 9 месяцаў 2008 года ў Беларусі не выкананыя 3 з 19 найважных параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2008 год. Так за справаздачны перыяд урад не здолеў абмежаваць імпарт тавараў і паслугаў (рост 154,8% пры прагнозе на 2008 год 112,5-113,5%). Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склала $2,098 млрд. пры прагнозе на 2008 год мінус $1,4 млрд. Не забяспечанае дасягненне прагнозных параметраў па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі (106,9% пры прагнозе на год 107-108%), перадае АФН.
Акрамя таго, інфляцыя за 9 месяцаў 2008 года склала 9,4% пры прагнозе на год 6-8%, аднак гэты паказчык не ўваходзіць у 19 параметраў.
Заўтра беларускі ўрад мае намер абмеркаваць сітуацыю, якая склалася, на паседжанні Саўміна, аднак на самой справе ўрад можа збірацца ў адстаўку, калі Лукашэнка выканае дадзенае год таму абяцанне.
«Калі прагноз не будзе выконвацца па выніках 9 месяцаў 2008 года – я пачну фарміраваць новы ўрад да канца будучага года (2008 года). І вам будзе вельмі складана знайсці працу ў краіне», - заявіў А.Лукашэнка ў лістападзе мінулага года на нарадзе, прысвечанай вынікам працы беларускай эканомікі за 9 месяцаў 2007 года. Тады ўрад не здолеў забяспечыць выкананне 6 з 19 параметраў прагноза.