Лукашэнка прыехаў да Мядведзева, таму што напалоханы абвалам расейскага рубля (Відэа)
50- 25.10.2008, 15:34
25 кастрычніка ў Падмаскоўным замку Маендорф адбылася сустрэча Дзмітрыя Мядведзева і Аляксандра Лукашэнкі. На сустрэчы высвятлілася, што амаль палова золатавалютных рэзерваў Беларусі захоўваецца ў расейскіх рублях.
Нагадаем, што расейская валюта цяпер мае сур'ёзныя праблемы з-за спаду коштаў на нафту, умацавання даляра і абвалу на расейскім рынку акцый.
Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта Расеі, падчас сустрэчы Мядведзева і Лукашэнкі «абмяркоўваліся перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў, інвестыцыйных праектаў, а таксама шэраг пытанняў у межах падрыхтоўкі да паседжання Вышэйшага Дзяржсавета Расеі і Беларусі па выніках 2008 года». Кіраўнікі дзяржаў асобна абгаварылі сумесную пазіцыю ў адносінах мер па пераадоленні глабальнага фінансавага крызіса.
На сустрэчы з Мядведзевым Лукашэнка адзначыў, што Беларусі важнае бачанне расейскім бокам наступстваў сусветнага фінансавага крызісу.
"Думаю, што ў нашых адносінах вельмі важна даць нейкія пазітыўныя сігналы. Вядома, для нас актуальныя бягучыя пытанні, тыя праблемы, якія адбываюцца ў свеце, якія ўзнікаюць у сувязі з фінансавым крызісам. Неабходна абгаварыць таксама шэраг бягучых праблем, якія ўзнікаюць і ў эканоміцы, і ў фінансах Беларусі і Расеі. Нам важнае ваша бачанне, таму што мы вельмі прывязаныя да Расеі з пункту гледжання эканомікі і фінансавай сістэмы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што амаль палова золатавалютных рэзерваў Беларусі ў расейскіх рублях. "Мы ўсвядомлена перайшлі на расейскі рубель, адмовіліся ад даляра, калі нас пачалі прэсінгаваць па ўсіх напрамках. І для нас вельмі важны савет, у якім напрамку нам рухацца", - дадаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на перамовах варта абгаварыць і шэраг бягучых пытанняў. "Іх пакідаць няма каму. Прэм'еры гэтыя пытанні ўжо абмяркоўвалі, нешта атрымалася, нешта не", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што ў Берасці ў чэрвені гэтага года лідэры дзвюх краін дамовіліся аб парадку сустрэч і аб тым, каб правесці перамовы да паседжання Вышэйшага Дзяржсавета, каб "яшчэ раз вызначыць напрамкі руху".
Дзмітрый Мядведзеў выказаў гатовасць абмяняцца меркаваннямі з Аляксандрам Лукашэнкм па актуальнай праблематыцы беларуска-расейскіх і саюзных адносінаў. "Сёння мы абгаворым важныя пытанні, у тым ліку падрыхтоўкі маючага адбыцца паседжання ВДС, якое адбудзецца па выніках года, пагаворым аб гандлёва-эканамічных сувязях, развіцці інвестпраектаў", - падкрэсліў Прэзідэнт Расеі. Ён таксама дадаў, што жадаў бы "абгаварыць сітуацыю, якая складаецца на фінансавых рынках".
Дзмітрый Мядведзеў нагадаў, што 15 лістапада ў ЗША адбудзецца саміт "дваццаткі", на якім будуць абмяркоўвацца пытанні аб тым, як у наступным развіваць архітэктуру міжнародных фінансавых адносін. "Мне хацелася б, каб мы з бліжэйшымі партнёрамі, такімі як Беларусь, абавязкова абгаварылі сумесную пазіцыю па гэтай падставе. Лічу гэта вельмі важным для нашых двухбаковых адносінаў", - дадаў ён.
Кіраўнікі дзяржаў таксама абгаварылі расейскую ініцыятыву адносна стварэннч новай Дамовы аб еўрапейскай бяспецы. І, як заявіў крыніца ў беларускай дэлегацыі, Менск падтрымлівае яе і лічыць, што ў рэалізацыі гэтага знешнепалітычнага праекта павінная быць актыўна задзейнічаная АДКБ.
Лукашэнка і Мядведзеў закранулі тэматыку вайсковага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, абгаварылі пытанні стварэння Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана. «Беларусь і Расея ўжо ўніфікавалі каля 96% мытных тарыфаў, што з'яўляецца практычна адпраўной кропкай для стварэння Мытнага саюза ў межах «тройкі». Мы чакаем больш актыўных дзеянняў у гэтым плане з боку партнёраў з Казахстана», — сказаў крыніцу.
Сустрэча доўжылася больш за тры гадзіны.