Камандуючага СПА Расеі і Беларусі будуць прызначаць Мядзведзеў і Лукашэнка
3- 23.10.2008, 15:48
23 кастрычніка галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-палкоўнік Аляксандр Зелін паведаміў, што сістэму супрацьпаветранай абароны ўзначаліць камандуючы аб'яднаннем ВПС і СПА аднаго з бакоў, які будзе прызначацца на пасаду кіраўнікамі двух дзяржаваў.
Паводле словах галоўнакамандуючага, у баявы склад адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Расеі і Беларусі ўвойдуць пяць авіяцыйных частак, 10 зенітна-ракетных частак, пяць радыётэхнічных частак і адна частка радыёэлектроннай барацьбы, піша БелаПАН са спасылкай на РІА Новости.
Дамова аб стварэнні рэгіянальнай сістэмы СПА Расеі і Беларусі будзе падпісаная ў хуткім часе. «Усе неабходныя дакументы пададзеныя для зацвярджэння ваенна-палітычнаму кіраўніцтву Расеі і Беларусі», — сказаў А.Зелін.
Беларусь стане першым эшалонам у ахове паветраных межаў «саюзнай дзяржавы» з Расеяй, паведаміў генерал-палкоўнік. "У межах гэтай сістэмы Беларусь атрымае ўзмацненне сілаў і сродкаў СПА і ВПС ад Расеі. У сваю чаргу і Расея атрымае такое жа ўзмацненне ад Беларусі", — падкрэсліў А.Зелін.
Паводле яго словаў, са стварэннем адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА падвышаецца, у прыватнасці, радыёлакацыйны кантроль на малых і звышмалых вышынях на заходніх межах «саюзнай дзяржавы» — ад краінаў Балтыі да Украіны.