24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ханс-Георг Вік: «Я не магу ўявіць, каб беларускія ўлады пайшлі на істотныя саступкі»

Былы амбасадар АБСЕ у Менску Ханс-Георг Вік пракаментаваў рашэнне Еўразвяза адмяніць санкцыі супраць рэжыма Лукашэнкі.

- Спадар Вік, пасля адмены санкцый беларускім чыноўнікам Еўропа дала нашай краіне чарговы шанец на дыялог. Як, на вашую думку, будуць далей развівацца падзеі?

- Сапраўды кажучы, я не магу сабе ўявіць, каб беларускія ўлады, напрыклад, у пытаннях свабоды СМІ або рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў і партый пайшлі на істотныя саступкі. Яны могуць быць абмежаваныя, як гэта здарылася на апошніх парламенцкіх выбарах. Гэта значыць можна стварыць бачнасць больш адкрытай атмасферы, не губляючы агульнага кантролю.

Але не выключаю, што ў Беларусі могуць быць прадпрынятыя крокі для таго, каб еўрапейскія і амерыканскія прадпрыемствы атрымалі паслабленні пры ажыццяўленні інвестыцыйных праектаў. А такі час наступіць абавязкова.

Цяпер, наколькі мне вядома, беларускія прадпрыемствы ў асноўным вырабляюць тавары па старой савецкай сістэме. І ніхто не ведае, куды гэта ўсё павінна прадавацца. Калі ж на гэтыя заводы прыйдуць заходнія кампаніі, новыя тавары будуць даражэйшымі, але яны будуць здольныя вытрымаць канкурэнцыю на еўрапейскім рынку. Тым самым паменшыцца залежнасць ад расейскага рынка. Гэта так званая кітайская мадэль, калі ў краіне сумяшчаюцца аўтарытарны рэжым і эканоміка, якая лібералізуецца. Такое таксама нельга выключыць.

- На паседжанні круглага стала ў бундэстагу беларускія палітыкі спрабавалі пераканаць прысутных у тым, што ў Беларусі апазіцыя вельмі моцная. Як нямецкая палітычная эліта ацэньвае гэтую сілу?

- У аўтарытарнай сістэме апазіцыя не можа быць моцнай, паколькі сістэма робіць усё, каб яе раскалоць і дыскрэдытаваць ейных прадстаўнікоў. Няма магчымасці на абарону. Да таго ж на людзей, якія не згодныя з палітыкай улад, мусіць, здзяйсняецца ціск. У Германіі людзі такое не могуць сабе прадставіць. Кажуць, што ва Ўкраіне апазіцыя была моцная, такая жа - у Грузіі... А ў Беларусі яна слабая. Так, гэта так. Але і ва Ўкраіне, і ў Грузіі, і ў Сербіі апазіцыя была ў парламенце. Яна была часткай дзяржаўных інстытутаў і магла афіцыйна паказваць на злоўжыванні ўладай і Кучме, і Януковічу, і Мілошавічу, і Шэварнадзэ. Але ў Беларусі пасля 1996 года ўлада была ўзурпіраваная, а апазіцыя выключаная з усіх структур улады. З яе ўжо даўно зрабілі монстра.

Неяк Аляксандр Лукашэнка сказаў мне: «Вы ніколі не аб'яднаеце беларускую апазіцыю». Але ён памыліўся. Тады, у 1999-м, кансультацыйная рада апазіцыйных партый усё жа была створаная. І яны сталі весці перамовы з уладамі, якія ў выніку апошнімі і былі спыненыя. А сёння, як мне здаецца, у Беларусі павінен быць міжнародны кансультант. І калі б Еўразвяз сказаў, што прадаставіць апазіцыі такога кансультанта, то апазіцыя зноў бы аб'ядналася. Не таму, што гэты кансультант разумнейшы за апазіцыю, а таму, што за ім стаіць Еўразвяз. А ЕЗ - гэта альтэрнатыва Маскве. І палітычныя партыі пайшлі бы на кампрамісы і выпрацавалі адзіную пазіцыю па тым або іншым пытанні.

- Ці будзе такі кансультант

- Я стала прапаноўваю стварыць групу кансультантаў для грамадзянскай супольнасці, якая б забяспечвала кантакт паміж Еўразвязам і гэтай супольнасцю. Трэба слухаць, чаго хочуць бакі.

Акрамя таго, я прапанаваў розным фондам стварыць адмысловую камісію па Беларусі і працаваць у вашай краіне сагласавана. Ад гэтага я таксама чакаю павелічэння эфекту. Магчыма, рух пачнецца пасля пачатку ў вас эканамічных пераўтварэнняў.

- У Беларусі вельмі часта апазіцыю вінавацяць у тым, што яна «клянчыць » грошы ў Захада. Што вы думаеце па гэтай падставе?

- А хто фінансуе захаванне ўлады? Дзяржава. Хто кантралюе дзяржаву? Тыя, хто жыве за кошт дзяржаўнага бюджэта. Таму я не бачу нічога дрэннага ў тым, што Еўропа дапамагае апазіцыі, калі гэта ідзе на карысць стварэнню дэмакратычных каштоўнасцяў. Я веру, што з часам да вас усё гэта прыйдзе.

Інтэрв'ю з былым амбасадарам АБСЕ апублікавана ў інтэрнэт-газеце «Ежедневник»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках