29 снежня 2024, Нядзеля, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Kyiv Post»: «Лукашэнка — гэта нераскаяны дыктатар, якому нельга дараваць грахі»

7

Нядаўняе прыпыненьне візавых санкцыяў Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам на чале не засталося па-за ўвагай сусьветнай прэсы.

Як і належала спадзявацца, тон камэнтароў расейскай прэсы рэзка разыходзіцца з тонам заходніх публіцыстаў, паведамляе «Радыё Свабода».

“Московский комсомолец” за 14 кастрычніка зьедліва піша, што Захад імкнецца падкупіць Беларусь, каб яна зрабіла пераход “ад старэйшага брата да старэйшага ворага”. Паводле газэты, прадметам гэтага гандлю зьяўляецца непрызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

“Чым жа Лукашэнка, якога яшчэ нядаўна называлі “апошнім дыктатарам Эўропы”, заслужыў прыхільнасьць Захаду? — пытаецца “Московский комсомолец”. І тут жа адказвае: — Відавочна, сваімі намёкамі, што ён гатовы задаволіць некаторыя геапалітычныя патрабаваньні Захаду. Усе заўважылі, што Лукашэнка доўга марудзіў, перш чым падтрымаць апошнія дзеяньні Расеі ў Паўднёвай Асэтыі”.

Маскоўская газэта робіць наступную выснову:

“Беларусь — найважнейшы стратэгічны саюзьнік Масквы. Таму Захад зробіць усё магчымае, каб так або іначай яе перакупіць. А які рэжым будзе ў Беларусі, наколькі ён будзе адпавядаць дэмакратычным стандартам, — Вашынгтону і Брусэлю па вялікім рахунку да лямпачкі”.

“Комсомольская правда” за 14 кастрычніка публікуе свой камэнтар пад іранічным загалоўкам “Бацьку запусьцілі ў Эўропу”. Гэтае выданьне таксама робіць выснову, што Эўропа заплаціла Лукашэнку аванс за адсутнасьць сьпеху у прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. І падсумоўвае сытуацыю такім чынам:

“Атрымоўваецца, што Эўразьвяз пагладзіў Бацьку па галаве і даў на “далейшае перавыхаваньне” яшчэ 6 месяцаў. Цяпер яму трэба ўхітрыцца не расчараваць Брусэль, але і не раззлаваць Маскву. Прадэманстраваць гатоўнасьць “ісьці да дэмакратыі”, але і не зайсьці занадта далёка”.

А вось украінскі англамоўны тыднёвік “Kyiv Post” мяркуе, што прыпыненьне санкцыяў ЭЗ у адносінах да беларускага рэжыму — гэта адназначная памылка, асабліва ў сьвятле апошніх падтасаваных выбараў.

"Лукашэнка — гэта нераскаяны дыктатар, якому нельга дараваць грахі, — піша “Kyiv Post”. — Пакуль Лукашэнка не засьпявае на іншы лад і не пачне падтрымліваць дэмакратыю, Захад павінен трымаць Беларусь на кароткім павадку пры дапамозе вышэйшых гандлёвых тарыфаў, візавых забаронаў ды іншых абмежаваньняў”.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках