24 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: З сённяшняга дня далучаюся да актыўнай дзейнасці (абноўленае)

4
Зміцер Дашкевіч: З сённяшняга дня далучаюся да актыўнай дзейнасці (абноўленае)

У інтэрв’ю Еўрарадыё былы палітвязень распавядае пра тое, што дапамагала яму за кратамі, пра абставіны вызвалення і пра свае бліжэйшыя планы.

- Якія ўражанні ад першага дня на волі?

- Я вельмі рады бачыць сваіх сяброў. Гэта самае галоўнае ўражанне.

- Як адбылося вызваленне? Ці былі напярэдадні нейкія намёкі, што Вы хутка выйдзеце на волю?

- Намёкі былі адзіныя – выйсці пасля завяршэння тэрміну. І магу сказаць, што адбылося ўсё даволі нечакана. Прыйшоў на чарговы допыт, а мне сказалі, што ўжо ўсё, трэба ісці дахаты…

- Ці мелі Вы інфармацыю пра тое, што адбываецца на волі?

- Я атрымліваў шмат лістоў, быў падпісаны на дэмакратычныя выданні. Таму больш-менш у курсе самых асноўных падзеяў.

- Што падтрымлівала Вас ўвесь гэты час, што дазваляла вытрымаць гэтыя пакуты?

- Безумоўна, Гасподзь. І вялізная кампанія грамадскай салідарнасці, якая ажыццяўлялася.

- Ці ёсць патрэба паправіць сваё здароўе?

- Не. Я цалкам добра сябе адчуваю. І ўжо з сённяшняга дня далучаюся да актыўнай дзейнасці.

- Вы не думаеце ўзяць на нейкі час адпачынак?

- Не. Я ўжо 16 месяцаў адпачываў. Займацца буду толькі Маладым фронтам.

- Ці змяніліся Вашыя адносіны да палітычнай дзейнасці і наагул да палітычнай сітуацыі?

- Магу сказаць, што мой светапогляд умацаваўся. Усё астатняе засталося такім жа самым.

- Як Вы мяркуеце, ці можна чакаць вызвалення астатніх палітвязняў?

- Вельмі хацелася б у гэта верыць. Хоць сваё вызваленне і вызваленне Мікалая Аўтуховіча я расцэньваю, як палітычную гульню, але як гульню, якая адбываецца, безумоўна, па Божай волі, і дзякуючы вялікаму грамадскаму ціску на рэжым Аляксандра Рыгоравіча.

- Можна сказаць, што гэта нейкая саступка Еўропе?

- Наўрад ці “гарант Канстытуцыі” па сваёй добрай волі памяняе 1,5 гады зняволення на год, як было ў даным выпадку.

Нагадаем, моладзевы лідэр Зміцер Дашкевіч нечакана выйшаў на волю ўчора вечарам. Ён адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Змітру заставалася правесці ў калоніі каля 2 месяцаў.

Зміцер Дашкевіч плануе пачаць актыўную грамадзянскую дзейнасць

Адзін з лідэраў моладзевага апазіцыйнага руху Зміцер Дашкевіч мае намер актыўна ўдзельнічаць у грамадска-палітычнай дзейнасці. Пра гэта ён заявіў 24 студзеня падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў офісе Партыі БНФ піша БелаПАН.

"Я адпачыў 16 месяцаў. Таму цяпер планую пачаць актыўную грамадзянскую дзейнасць. Духоўны стан вельмі добры, дзякуючы Богу, дзякуючы маім сябрам, маім братам і сёстрам па царкве, якія ўвесь час мяне падтрымлівалі. І за гэты час я толькі ўмацаваўся духам", – заявіў З.Дашкевіч.

"Я буду ўдзельнічаць у тых акцыях, якія ўжо запланаваныя; я буду актыўна дамагацца вызвалення з зняволення майго сябра Артура Фінькевіча; мы плануем актыўна падтрымліваць ствараны Аляксандрам Мілінкевічам рух "За свабоду"; будзем нешта планаваць да парламенцкіх выбараў у Беларусі… І, безумоўна, самае блізкае – мы зноў паспрабуем зарэгістраваць арганізацыю "Малады Фронт" у Беларусі. Дзякуючы нашым партнёрам мы зарэгістравалі арганізацыю ў Чэхіі. Гэта не спыніць улады ў тым выпадку, калі яны паспрабуюць падняць чарговую хвалю рэпрэсій, але гэта – некаторая юрыдычная падтрымка нашай дзейнасці", – сказаў З.Дашкевіч.

"Усе тыя аргкамітэты дапамогі зняволеным, якія ствараюць палітвязні, як выходзілі на свабоду, маюць пад сабою сур'ёзную падставу. Я планую далучыцца да іх", – сказаў З.Дашкевіч.

"У Шклоўскай калоніі дзве тысячы чалавек, большая частка з якіх, на маё глыбокае перакананне, сядзіць несправядліва. Больш за тое, беларуская пенітэцыярная сістэма, я лічу, створаная для таго, каб чалавека знішчыць, а не перавыхаваць. Праз некалькі гадоў турмы чалавек ужо не адчувае, што ён адбывае пакаранне, а праз восем гадоў ён дэградуе цалкам. Калі малады чалавек дзесьці спатыкнуўся, пакурыў "траву", і за гэта атрымаў 5–8 гадоў калоніі – гэта крыж на жыцці. І калі ён выходзіць з зняволення, інтэгравацца ў грамадства яму вельмі цяжка. І я бачыў, што дзяржава робіць усё для таго, каб не дапамагчы чалавеку, які спатыкнуўся, а каб гэтага чалавека знішчыць", – лічыць адзін з лідэраў моладзевага апазіцыйнага руху.

Нагадаем, Зміцер Дашкевіч быў асуджаны па абвінавачванні ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт". Прысуд быў вынесены 1 лістапада 2006 года. З.Дашкевіча асудзілі на паўтара года пазбаўлення свабоды. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. 23 студзеня З.Дашкевіч быў вызвалены.

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала З.Дашкевіча вязнем сумлення.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках