Цана на расейскі газ для Беларусі будзе толькі расці
3- 17.01.2008, 18:37
Афіцыйны Менск сцвярджае, што нібыта адхіліў прапанаваную «Газпромам» методыку цэнаўтварэння на газ, заснаваную на прынцыпе роўнапрыбытковасці..
Пра гэта заявіў на днях дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Пётр Нікіценка. У выніку, паводле яго слоў, Беларусь будзе плаціць за газ па заканчэнні першага квартала 129 даляраў за тысячу кубаметраў. Кіраўнік Цэнтра Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 назваў лічбу ў 129 даляраў «чыста спекулятыўнай», заявіўшы, што «ніякія прынцыповыя дамоўленасці па цане на газ пакуль дасягнутыя не былі, і вызначацца яна будзе ў канцы сакавіка».
«Ніякія прынцыповыя дамоўленасці па цане на расейскі газ для Беларусі пакуль дасягнутыя не былі. Гэтая цана будзе вызначацца толькі ў канцы першага квартала і яна, безумоўна, будзе расці. І той факт, што на пачатку года мы не ведаем, якую цану будзем плаціць, напрыклад, у жніўні або снежні, гаворыць пра тое, што ні пра якія партнёрскія стасункі паміж Расеяй і Беларуссю не можа ісці гаворкі», – кажа Яраслаў Раманчук.
«Зразумела, што Беларусь хоча купляць танны газ, але «Газпром» выступае катэгарычна супраць субсідавання беларускай эканомікі. З боку «Газпрома» Беларусі і так быў прапанаваны дастаткова льготны варыянт пераходу на рынкавыя стасункі. Апошнія заявы Нікіценкі толькі пацвярджаюць, наколькі непрыемнае для беларускіх улад пытанне аб пераходзе на рынкавыя стасункі з расейскім манапалістам. Тое, што сёлета цана на газ для Беларусі і так даволі нізкая – гэта цана ўваходжання расейскіх фінансавых структур на беларускі рынак», – канстатуе эканаміст.
На яго думку, пытанне аб формуле цаны на газ паднятае цяпер з спекулятыўных меркаванняў, каб у будучыні ў беларускіх улад была магчымасць чарговым разам абвінаваціць Расею ў ціску на Беларусь і, як вынік, у эканамічных праблемах, якія, безумоўна, узнікнуць.
«Хоць тэма цаны расейскага газу для Беларусі чыста палітычная, нам усё роўна з цягам часу давядзецца плаціць рынкавую цану і ад гэтага нікуды не сысці, калі, вядома, гаворка не ідзе пра страту незалежнасці краіны», – лічыць Яраслаў Раманчук.
Нагадаем, паводле пяцігадовага кантракта, падпісанага 31 студзеня 2006 года, з 2008 года цана на газ для Беларусі павінна вызначацца па формуле, прывязанай да кошту нафтапрадуктаў на еўрапейскіх рынках. У 2008 годзе яна павінна скласці 67%, у 2009 годзе – 80%, у 2010 годзе – 90% ад сярэднееўрапейскай цаны на газ за вылікам транспартных выдаткаў. Новая формула цаны азначала пераход у стасунках з Беларуссю на новую методыку вызначэння цаны на газ зыходзячы з прынцыпу роўнапрыбытковасці продаж для расейскага канцэрна як на еўрапейскім, так і на беларускім рынках.
Калі зыходзіць з цаны 260 даляраў за тысячу кубаметраў – кошты газу для Польшчы на канец 2007 года – і ўсталяванага для Беларусі ў 2008 годзе дысконту, а таксама за вылікам транспартных выдаткаў, то цана газу павінна была скласці для Беларусі каля 160 даляраў за тысячу кубаметраў.