2 лiстапада 2024, Субота, 8:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уга падвёў друга

33
Уга падвёў друга

Сенсацыйная навіна прыйшла з Венесуэлы: Уга Чавес прайграў рэферэндум «а-ля Аляксандр Лукашэнка». Вынікі галасавання ў далёкай лацінаамерыканскай краіне могуць прывесці да вельмі прыкрых наступстваў для беларускіх улад.

Асноўным пытаннем рэферэндуму, які адбыўся 2 лютага ў Венесуэле, стала папраўка ў Канстытуцыю, што дазваляе Уга Чавесу балатавацца ў прэзідэнты неабмежаваную колькасць разоў. Акрамя таго, ён хацеў павялічыць тэрмін сваіх паўнамоцтваў з 6 да 7 гадоў, паставіць пад асабісты кантроль Нацыянальны банк, атрымаць магчымасць экспрапрыяваць уласнасць прыватных кампаній, піша газета «Салідарнасць».

Каб працягнуць гэтыя, мякка кажучы, сумнеўныя папраўкі ў Канстытуцыю, у адным флаконе з імі ішлі адкрыта папулісцкія меры. Так, у выпадку перамогі Чавеса на рэферэндуме працягласць працоўнага дня ў Венесуэле была б скарочаная з 8 да 6 гадзін, а сацыяльныя датацыі павялічаныя. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы піарыўся, як мог, у тым ліку рэгулярна з'яўляючыся ў кампаніі супермадэлі Наомі Кэмпбелл.

Напярэдадні галасавання мала хто сумняваўся ў перамозе Чавеса. Дырэктарка Цэнтра палітычных даследаванняў Інстытута Лацінскай Амерыкі Расейскай Акадэміі Навук Марына Чумакова заявіла «Времени новостей», што канстытуцыйная рэформа ў Венесуэле адбудзецца. Згодна з яе прагнозам, папраўкі Чавеса павінны былі набраць не менш як 50% галасоў, бо «важна не як лічаць, а хто лічыць».

Такога ж меркавання прытрымлівалася The Wall Street Journal, якая пісала ў рэдакцыйным артыкуле: «Даследаванні грамадскай думкі паказваюць, што супраць рэферэндуму выступае большасць венесуэльцаў, але насамрэч сумленнае галасаванне, здаецца, проста немагчымае. Спісы выбаршчыкаў, прылады для галасавання і выніковы падлік кантралююцца прапрэзідэнцкім выбарчым саветам. Якім бы ні апынуўся вынік нядзельнага рэферэндуму, у сухім астатку – той факт, што Чавес больш не з'яўляецца нацыянальным героем Венесуэлы. Ён трымаецца за ўладу гэткай вульгарнай хваткай, што, як паказвае мірная акцыя пратэсту, якая адбылася ў Каракасе ў чацвер масавая, абудзілася нават пасіўная грамадскасць».

Сам Уга Чавес выказваў упэўненасць у перамозе. Вось толькі некаторыя з яго выказванняў на мітынгах: «Я упэўнены ў аглушальнай перамозе. У мяне няма сумненняў у тым, што за новую канстытуцыю прагаласуе пераважная большасць насельніцтва краіны… Кожны, хто скажа рэферэндуму «не», галасуе за Джорджа Буша. Амерыканская імперыя – наш галоўны вораг. І 2 снежня мы зноў адправім Буша ў накаўт… Калі Бог дасць мне жыццё і акажа дапамогу, то я застануся кіраўніком дзяржавы да 2050 года…»

Аднак у накаўт венесуэльскія выбаршчыкі адправілі самога Уга Чавеса. Паводле афіцыйных дадзеных, 50,7% з тых, хто прагаласаваў, выказалі нязгоду з прапанаванымі папраўкамі ў Канстытуцыю. Падтрымалі Чавеса 49,2% выбаршчыкаў краіны.

Разрыў, здавалася б, невялікі. Аднак апазіцыя сцвярджае, што на выбарах мелі месца фальсіфікацыі: насамрэч, паводле яе ацэнак, супраць рэформ Чавеса прагаласавалі каля 60%.

Ва ўсялякім выпадку высветлілася нечаканая для нас дэталь: нават у Венесуэле галасы выбаршчыкаў ЛІЧАЦЬ, а вынік выбараў або рэферэндумаў не з'яўляецца на 100% прадказальным. Адмысловую пікантнасць усяму гэтаму надалі выбары ў Дзярждуму, якія мінулі ў той самы дзень і на якіх Крэмль атрымаў усё, што запраграмаваў.

Не менш дзіўна тое, што венесуэльскі кіраўнік прызнаў сваю паразу. «Мы не маглі зрабіць гэтага», – сказаў Чавес. І злавесна дадаў: «Цяпер».

Сапраўды, у Уга Чавеса яшчэ ёсць час, каб паспрабаваць пераламаць сітуацыю. Яго паўнамоцтвы мінаюць у 2012 годзе. Да гэтага можна правесці яшчэ не адзін рэферэндум.

Аднак цяперашняя параза можа мець для сябра Аляксандра Лукашэнкі самыя непрадказальныя наступствы. Дагэтуль на Чавеса вельмі моцна працавала тое, што ўсе былі ўпэўненыя ў яго поспеху. Аднак у мінулую нядзелю высветлілася, што кіраўнік Венесуэлы зусім не з'яўляецца непераможным палітыкам. І гэтая акалічнасць напэўна моцна натхніць апазіцыю.

А вось для афіцыйнага Менска параза Чавеса стала вельмі сур'ёзным званком. Дарэчы, акурат напярэдадні рэферэндуму ў Венесуэле пачала працу амбасада Беларусі. Як заявіў БелТА Часовы Павераны Уладзімір Грушэвіч, Беларусь і Венесуэла з'яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі, закладзены добры падмурак двухбаковых стасункаў, а дружба лідэраў дзвюх краін з'яўляецца добрай перадумовай для развіцця доўгатэрміновага супрацоўніцтва.

Пытанне толькі ў тым, што будзе з супрацоўніцтвам, калі хаця б адзін з лідэраў перастане быць такім. У выпадку страты ўлады Чавесам, беларускія праекты па здабычы нафты ў Венесуэле можна лічыць пахаванымі. Акрамя таго, гэтая лацінаамерыканская краіна ўжо не можа лічыцца надзейным «запасным аэрадромам» для некаторых беларускіх высокапастаўленых асоб, на выпадак, калі тут справы пойдуць «не так».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках