24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Напярэдадні свята Божага Нараджэння з Беларусі выгналі польскага ксяндза

2

Паводле рашэння ўлад 23 снежня грамадзянін Польшчы ксёндз Гжэгож Худзек змушаны быў пакінуць Беларусь. Цягам 14 гадоў святар служыў у парафіі каталіцкага касцёла Рэчыцы (Гомельская вобласць) і, быўшы яго настаяцелем, шмат чаго зрабіў для рэстаўрацыі старажытнага будынка храма. 23 снежня рэчыцкія вернікі ўрачыста праводзілі ксяндза ў Польшчу.

Як паведамлялася раней, на пачатку лістапада мясцовыя ўлады без тлумачэння прычын адмовілі ксяндзу Худзеку ў далейшай рэгістрацыі.

У інтэрв'ю БелаПАН старшыня савета па рэлігіях і нацыянальнасцях пры Гомельскім аблвыканкаме Міхаіл Жукевіч заявіў, што адмова не з'яўляецца "супрацьстаяннем улады і канфесіі, гэта асабістая праблема ксяндза Гжэгожа".

Паводле яго слоў, святар абавязаны выконваць законы краіны і "мець дыялог з прадстаўнікамі ўлады". "Ксёндз Гжэгож Худзек не меў дыялогу з мясцовай уладай, не ішоў на кантакт у адрозненні ад іншых святароў. Больш за тое, ён выказаўся ў польскім друку вельмі рэзка пра Рэчыцу — горад, у якім жыў і служыў 10 гадоў. У польскай газеце ён намаляваў сітуацыю ў горадзе неаб'ектыўна, адзначыў негатыўныя з'явы, якія ёсць, на жаль, у нашым грамадстве. Гэта было б дазволенае беларускім журналістам, але такія выказванні пра краіну за мяжой ствараюць негатыўны імідж дзяржаве. А святар у сваёй працы павінен духоўна адраджаць народ – гэта яго галоўная функцыя", – адзначыў М.Жукевіч.

Выказванні святара пра сацыяльныя праблемы ў Рэчыцы, былі апублікаваныя ў польскай газеце "Tygodnik wsсhodni".

З просьбай змяніць рашэнне ў дачыненні Г.Худзека да старшыні Рэчыцкага райвыканкама звяртаўся апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свентэк. "Спадзяючыся на вашу разважлівасць і ваша добрае сэрца, маем надзею на змяненне рашэння ў дачыненні Гжэгожа", – гаварылася ў звароце кардынала.

Акрамя таго, каля 700 вернікаў Гомельскай вобласці падпісаліся пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай працягнуць рэгістрацыю для настаяцеля Рэчыцкага касцёла. Аднак з усіх дзяржструктур прыйшлі амаль аднатыпныя адказы — рашэнне дадзенага пытання знаходзіцца не ў іх кампетэнцыі.

Між іншым, пошук новага настаяцеля для рэчыцкага касцёла Святой Троіцы практычна завершаны. Хутчэй за ўсё, ім зноў будзе святар з Польшчы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках