Пуцін стане медвед-прэм'ерам
3- 17.12.2007, 16:11
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што згодны стаць прэм'ер-міністрам у выпадку абрання кіраўніком дзяржавы Дзмітрыя Мядзведзева.
"Калі грамадзяне Расеі акажуць давер Дзмітрыю Мядзведзеву і абяруць яго прэзідэнтам краіны, то я буду гатовы ўзначаліць урад", – заявіў Пуцін у панядзелак на з'ездзе партыі "Адзіная Расея".
Раней гэтая партыя ўжо прапанавала прэзідэнту Пуціну ў якасці пераемніка Дзмітрыя Мядзведзева, і той пагадзіўся. Цяпер Пуцін, ужо ад свайго імя, прапанаваў «Адзінай Расеі» высунуць першага віцэ-прэм'ера РФ Дзмітрыя Мядзведзева кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы. Сёння гэтая партыя афіцыйна высунула Мядзведзева кандыдатам у прэзідэнты. За гэтае рашэнне галасавалі аднагалосна.
"Я прапаноўваю з'езду партыі высунуць Дзмітрыя Анатольевіча Мядзведзева кандыдатам у прэзідэнта краіны", – заявіў Пуцін на з'ездзе партыі "Адзіная Расея", назваўшы Мядзведзева чалавекам "выключна сумленным і прыстойным".
Ён падкрэсліў пры гэтым, што ў краіне "яшчэ шмат нявырашаных праблем, значна больш трэба зрабіць". "Усім нам трэба працаваць, без фанабэрыі і амбіцый з поўнай аддачай сілаў", – сказаў Пуцін.