28 снежня 2024, Субота, 17:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларусаў адабралі апошняе – ільготы

9
У беларусаў адабралі апошняе – ільготы

17 сьнежня ў Беларусі перасталі дзейнічаць ільготныя праязныя квіткі, вэтэранскія кніжкі і карткі на бясплатнае атрыманьне лекаў. Паменяла і асобаў, на якія распаўсюджваюцца льготы па аплаце жыльлёва-камунальных, мэдычных паслугаў і паслугаў сувязі. Напярэдадні ў Беларусі прайшлі акцыі пратэста супраць пазбаўленьня ільгот.

У прыватнасьці, ільгот пазбаўляюцца наступныя грамадзяне:

— былыя вязьні фашысцкіх лягераў і іншых месцаў прымусовага ўтрыманьня страцяць права на бясплатныя лекі, бясплатны рамонт і выраб зубных пратэзаў;

— у навучэнцаў і студэнтаў забяруць 50-працэнтныя зьніжкі на праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце, а таксама 50-працэнтную зьніжку на праезд па краіне з 1 кастрычніка па 30 чэрвеня ў суботы, нядзелі і сьвяты;.

— дзеці да трох гадоў пазбаўляюцца права на бясплатныя лекі;

— дзеці-інваліды — 50-працэнтнай зьніжкі на праезд па краіне;

— дзеці ў канчатковай стадыі хранічнай ныркавай недастатковасьці — штогадовай грашовай кампэнсацыі выдаткаў на транспарт;

— людзі, якія сталі інвалідамі І—ІІ групаў з-за прамянёвай хваробы ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пазбаўленыя: бясплатных лекаў паводле рэцэпту; бясплатнага праезду ад месца жыхарства да месца лячэньня; 50-працэнтнай зьніжкі на аплату паслугаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі; беспрацэнтнага крэдыту на будаўніцтва жыльля з пагашэньнем 50 працэнтаў за кошт бюджэту.

Сацыяльныя ільготы захоўваюцца для герояў, поўных кавалераў ордэна Славы, працоўнай Славы, узнагароджаных ордэнам Айчыны трох ступеняў, для ўдзельнікаў вайны і далучаных да іх асобаў, для бацькоў ваенаслужачых, якія загінулі пры выкананьні службовага абавязку, для інвалідаў І і ІІ групаў, для непаўналетніх, якія пражываюць у зоне радыяцыйнага забруджваньня і для грамадзянаў, якія захварэлі промнявай хваробай у выніку чарнобыльскай катастрофы, паведамляе “Радыё Свабода”.

Акцыі пратэста супраць пазбаўленьня ільгот прайшлі 16 снежня ў Менску, Гомлі, Магілёве, Віцебску. У выканаўчыя камітэты па ўсей Беларусі была пададзена каля тысячы заявак на правяденьне сацыяльных пікетаў, аднак дазволеныя былі толькі адзінкі. Тым не меньш, у Менску моладзь усё роўна выйшла на вуліцы.

У другой палове дня каля 50-ці моладзевых актывістаў грамадзянскай кампаніі “За свабоду” правялі флэш-моб на пляцоўцы ля Нацыянальнай бібліятэкі.

Двое удзельнікаў акцыі з шыльдамі “Народны дэпутат” забіралі ільготныя талёны ў студэнтаў, якія утварылі чаргу. І выдавалі ім узамен маску з вушамі зайцоў, моркву і капусту. Хлопцы і дзяўчаты начапілі маскі і пачалі грызьці гародніну. Потым яны вадзілі карагоды каля елкі перад Нацыянальнай бібліятэкай.

Пасьля удзельнікі акцыі зрабілі невялікае шэсьце ад бібліятэкі да станцыі мэтро “Усход”, падчас якога скандавалі “Не – адмене льгот!” Мінакі выказвалі падтрымку. Дэманстранты з вушамі зайцоў селі ў мэтро і на гэтым акцыя скончылася. Міліцыі нідзе не было і ніхто з удзельнікаў флэш-мобу ня быў затрыманы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках