Турма на Акрэсціна ў Менску – месца катаванняў палітвязняў
20- 7.11.2007, 19:53
Дадзены дакумент змяшчае акалічнасці затрымання, судоў і знаходжання пад арыштам моладзевых лідэраў, актывістаў і праваабаронцаў, затрыманых напярэдадні Еўрапейскага Марша, які адбыўся ў Менску 14 кастрычніка.
Тут апісаныя ўмовы ўтрымання арыштаваных дэмакратычных актывістаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна ў Менску, якія рэзка пагоршыліся з уступленнем у сілу новага Адміністрацыйнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Катаванні дэмакратычных актывістаў, затрыманых у сувязі з Еўрапейскім Маршам
Еўрапейскі Марш прайшоў у Менску 14 кастрычніка 2007 г. у падтрымку 12 прапаноў Еўрапейскага Звязу для Беларусі, а таксама для дэманстрацыі еўрапейскіх памкненняў беларускай грамадзянскай супольнасці.
Нягледзячы на мірны характар самой акцыі, напярэдадні яе ўлады разгарнулі кампанію рэпрэсій у дачыненні дэмакратычных актывістаў, пераследуючы мэту знізіць колькасць удзельнікаў мірнай маніфестацыі, абезгаловіць моладзевыя групы напярэдадні і падчас Еўрапейскага Марша.
Практычна ўсе моладзевыя дэмакратычныя лідэры былі прэвентыўна арыштаваныя супрацоўнікамі міліцыі. Арышты былі ажыццёўленыя паводле наяўнага ва ўлад спісу асоб, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, карыстаюцца аўтарытэтам у грамадстве і здольныя прыцягнуць людзей да ўдзелу ў мірных дэманстрацыях. Самым распаўсюджаным выпадкам стала ілжывае абвінавачванне ў «нецэнзурнай лаянцы». Ілжэсведкамі на хуткіх судовых працэсах выступалі супрацоўнікі міліцыі. Нягледзячы на блытаныя сведчанні, суддзі ва ўсіх выпадках прымалі толькі сведчанні ілжэсведак у форме.
Важна адзначыць, што ў Беларусі супрацоўнікі міліцыі па законе могуць выступаць на судзе сведкамі, і больш за тое, валодаюць прэзумпцыяй даверу. То бок, што б ні казаў супрацоўнік міліцыі, яго словам суд абавязаны давяраць. Да сведчанняў усіх астатніх сведак суд ставіцца крытычна. Такім чынам, кожны чалавек можа быць прэвентыўна затрыманы і асуджаны па такой схеме.
Моладзевыя лідэры, сярод якіх Зміцер Бародка, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Мікіта Сасім, Аляксандр Атрошчанкаў, дэмакратычныя актывісты Леанід Навіцкі, Павал Кур’яновіч, Віталь Ціхановіч, Аліна Гладкая, Сяргей Клюеў, Кастусь Грахаў, Ігар Сячко, Ігар Валынкін, праваабаронца Святлана Гарохавік былі кінутыя ў сумнавядомы Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на тэрмін ад 5 да 15 сутак. Некаторым з іх тэрмін пакарання быў у наступстве падоўжаны па новых ілжывых абвінавачваннях. Так, Леанід Навіцкі, адседзеўшы 10 сутак да Марша, быў зноў схоплены праз некалькі гадзін пасля вызвалення і ізноў асуджаны ўжо на 15 сутак. Моладзевы лідэр Павал Юхневіч, адседзеўшы сем сутак арышту, не быў вызвалены, а ізноў быў дастаўлены ў суд, дзе асуджаны яшчэ на 15 сутак арышту.
Турма на вуліцы Акрэсціна ў Менску, якая носіць назоў «Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў», прызначаная для ўтрымання асоб, якія здзейснілі розныя правапарушэнні або чакаюць суду. У ёй утрымліваюцца крымінальныя злачынцы, алкаголікі, асобы з псіхічнымі захворваннямі, асобы без пэўнага месца жыхарства. Умовы ўтрымання не адказваюць базавым санітарна-гігіенічным нормам. Гэтая турма выкарыстоўваецца ўладамі для ўтрымання дэмакратычных актывістаў, прысуджаных да зняволення па ілжывых абвінавачваннях. Такім чынам, невінаватыя палітвязні змяшчаюцца ва ўмовы, якія з поўнай падставай можна назваць катаваннямі. Падчас дэманстрацый пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года ў гэты Цэнтр былі кінутыя сотні дэмакратычных актывістаў. З уступленнем у сілу новага Адміністрацыйнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, рэзка пагоршыліся ўмовы ўтрымання арыштаваных:
- арыштаваных дэмакратычных актывістаў змяшчаюць у агульныя камеры з хворымі на інфекцыйныя захворванні людзьмі, у тым ліку з хворымі на сухоты. Практычна ўсе палітвязні сядзелі з хворымі на сухоты;
- палітвязняў змяшчаюць у камеры з бытавымі хуліганамі, людзьмі з няўстойлівай псіхікай, алкаголікамі, здольнымі прычыніць фізічную шкоду сабе і сакамернікам;
- камеры не абсталяваныя спальнымі месцамі і не маюць спальных прыналежнасцяў. Спаць даводзіцца на драўляным пастаменце, без коўдраў і падушак, без пасцельнай бялізны;
- камеры дрэнна ацяпляюцца і ў халодны перыяд тэмпература ў іх блізкая да нуля. Нягледзячы на гэта, палітычным арыштаваным не дазваляюць перадаваць цёплыя рэчы, правакуючы захворванне людзей. У медыцынскай дапамозе, як правіла, адмаўляюць. Па новай інструкцыі МУС, на якую спасылаюцца супрацоўнікі ізалятара, той, хто адбывае пакаранне, можна мець толькі па адным камплекце вопраткі. То бок, адзін швэдар, адну куртку, адны штаны, адну пару шкарпэтак, адну пару абутку (вулічнага і пакаёвага). Улічваючы працягласць знаходжання ў антысанітарных умовах і душ усяго адзін раз у тыдзень, можна сказаць, што гэта з'яўляецца формай зневажання чалавечай годнасці і таксама здольнае справакаваць розныя скурныя захворванні;
- уведзеная забарона на харчовыя перадачы пры недастатковым харчаванні ў ізалятары. Турэмная ежа вельмі нізкай якасці, выклікае харчовыя атручванні, нястраўнасць і кішачныя хваробы. Усе дэмакратычныя актывісты, якія адседзелі за падрыхтоўку Еўрапейскага Марша ў ізалятары на Акрэсціна ў Менску, гублялі ў вазе да аднаго кг. у суткі. Так Зміцер Бародка, адседзеўшы 15 сутак арышту, страціў 10 кг. вагі, Леанід Навіцкі – 17. З адсутнасцю харчовых перадач, людзі былі пазбаўленыя неабходных вітамінаў, якія атрымліваюць з часнаком і лукам, здольных падтрымаць арганізм ва ўмовах, створаных у ізалятары;
- вядомыя выпадкі атручвання дэмакратычных актывістаў у ізалятары на Акрэсціна з наступнай шпіталізацыяй. Усе палітычныя арыштанты скардзіліся на абвастрэнне кішачных і страўнікавых захворванняў;
- нягледзячы на гарантаванасць прагулак (не менш за адну гадзіну штодня), палітвязняў пазбавілі гэтага права: цягам усяго тэрміна арышту людзі знаходзяцца ў замкнёнай прасторы дрэнна асветленай халоднай камеры. Супрацоўнікі ізалятара спасылаюцца на адсутнасць неабходных умоў для арганізацыі прагулак правапарушальнікаў, хоць у ізалятары маецца даволі прасторны ўнутраны двор, а непалітычныя арыштанты вывозяцца на працы;
- уведзеная такая новая для адміністрацыйных арыштаваных форма псіхалагічнага ціску як асабісты надгляд. Некалькі раз на тыдзень у камеру да арыштаваных прыходзяць супрацоўнікі ізалятара і ладзяць дбайны надгляд асабістых рэчаў, вопраткі арыштаваных.
Усе гэтыя новаўвядзенні ва ўтрыманні адміністрацыйна арыштаваных пераследуюць мэты запалохвання і ціску на палітвязняў.
Увогуле беларускія праваабаронцы зафіксавалі ў Беларусі 149 фактаў розных рэпрэсій у дачыненні дэмакратычных, найперш моладзевых, актывістаў напярэдадні правядзення Еўрапейскага Марша.
ПОЎНЫ ТЭКСТ МАТЭРЫЯЛУ ЧЫТАЙЦЕ ТУТ
Праваабарончы цэнтр Хартыі’97