24 лiстапада 2024, Нядзеля, 8:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Вайтовіч: «Рэжым пачынае ўсведамляць неабходнасць дыялогу»

2

Адразу пасля ўстаноўчай канферэнцыі грамадскага аб'яднання «Белая Русь» міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, абраны яго старшынёй, заявіў у інтэрв'ю «Народнай волі»: «Мы маем намер супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі асобамі, у тым ліку і апазіцыйнымі». Свае думкі на гэты конт спецыяльна для camarade.biz выказаў акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук, былы кіраўнік верхняй палаты «нацыянальнага сходу» Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вайтовіч:

– Калі «Белая Русь», сапраўды, сфармуецца ў палітычную арганізацыю, партыю або рух, як яна пазіцыянуе сябе, жаданне весці дыялог з апазіцыйнымі сіламі цалкам натуральнае. Але хацелася б бліжэй пазнаёміцца з праграмай гэтага грамадскага аб'яднання – якую менавіта палітыку яно будзе падтрымліваць? – даведацца пра стаўленне да фундаментальных праблем грамадска-палітычнага жыцця. Кантэкст, у якім прагучала заява Аляксандра Радзькова, мяне некалькі насцярожвае. Калі гаворка ідзе толькі пра безумоўную падтрымку курсу Аляксандра Лукашэнкі, незалежна ад таго, у які бок ён будзе змяняцца, гэта значыць, у «Белай Русі» няма ўласнай пазіцыі. І тады гэта ўжо не партыя, а нейкая асабістая гвардыя! Спадзяюся, што гэта ўсё ж не так.

Ад дыялогу па сутнасці з «партыяй улады» дэмакратычным сілам адмаўляцца не варта. Не мной сказанае: «Худы свет лепш за добрую вайну!» Але пажадана было б весці яго, найперш, па тых праблемах, па якіх унутры самой апазіцыі існуе кансенсус: аб свабодзе і роўных умовах дзейнасці палітычных партый, аб дэмакратызацыі выбарчага працэсу, аб магчымасці адкрыта, бесперашкодна выкладаць свае погляды ў СМІ, у тым ліку дзяржаўных, бо сёння яны манапалізуюць палітычны інфармацыйны рынак.

Цалкам дапускаю, што кіроўны рэжым таксама паступова пачынае ўсведамляць неабходнасць грамадскага дыялогу. Рэспубліка апынулася ў няпростай эканамічнай сітуацыі. Пераход на рынкавыя стасункі з Расеяй патрабуе напругі ўсіх сілаў. Дылема простая: альбо мы пачнём інтэграваць нацыянальную эканоміку ў сусветную сістэму, альбо апынёмся на абочыне прагрэсу. Хоча гэтага Аляксандр Лукашэнка ці не хоча, але ён ужо робіць некаторыя крокі ў бок лібералізацыі, прадаючы дзяржаўныя прадпрыемствы, ствараючы ўмовы для прытоку замежных інвестыцый. Ці будзе гэты працэс дынамічна працягвацца, сказаць цяжка: «Чужая душа – прыцемкі!» Але пераход на рынкавыя ўмовы непазбежны. Ад гэтага залежыць лёс нашай краіны, і ў значнай меры – самога Лукашэнкі.

Рэфармаванне эканомікі гэтаксама непазбежна пацягне за сабою і змяненне надбудовы. Я не стаў бы расцэньваць пазіцыю ЗША і Еўразвяза (вядомыя 12 умоў) па пытаннях дэмакратыі як нейкі дыктат. Усё нашмат прасцейшае. У гэтых краін даўнія дэмакратычныя традыцыі, яны адчувальна рэагуюць на парушэнні правоў чалавека. Калі мы хочам быць часткай Еўропы не толькі геаграфічна, з гэтым таксама неабходна лічыцца. Ёсць некаторы мінімум дэмакратыі, не стварыўшы які, складана разлічваць на ўзаемаразуменне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках