31 снежня 2024, aўторак, 2:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наш адказ дыктатуры

5
Наш адказ дыктатуры

На XIV Менскім міжнародным кінафэсце «Лicтапад» галоўны прыз заваявала драма «Жыццё іншых» нямецкага рэжысёра Фларыана Хенкель фон Доннерсмарка.

Дзеянне ў фільме «Жыццё іншых» развіваецца за пяць гадоў да падзення Берлінскай сцяны. І справа не ў матэрыяльных прыметах часу: партрэтах Эрыха Хоннекера на сцяне, «трабантах» на вуліцах і пласцінках у стылі «дойче шлягер». Справа ў адчуванні ўнутранага страху, якім прасякнуты кожны кадр гэтага кіно. Страху перад Сістэмай і яе матэрыяльным увасабленнем – усёмагутнай усходнегерманскай спецслужбай Штазі, гібрыдам Гестапа і КДБ.

Капітан Штазі Герд Візлер – узорны вінцік таталітарнай машыны. Па загадзе партыі ён здольны катаваць ворагаў сацыялізму і стрымана навучаць метадам катаванняў студэнтаў школы дзяржбяспекі. Асабістага жыцця ў яго няма, няма ніякай смакавай або сардэчнай прыхільнасці. І нават знешнасць узорнага выведніка – сустрэнеш у натоўпе, ні завошта не запомніш. Драматург Георг Драйман, наадварот, прыгажун-мужчына, «вяршкі» мастацкай эліты ГДР, драматург, аблашчаны ўладай. Але яго грамадзянская жонка, актрыса, спадабалася міністру культуры – выхадцу з Штазі. Таму Візлеру загаданае знайсці на Драймана кампрамат. Візлер устройваецца на гарышчы дому, дзе размешчаная кватэра драматурга, і пачынае «праслушку». І тут вінцік раптам выпадае з «машыны»…

Падобна на героя «Гутаркі» Фрэнсіса Форда Копалы, спецыяліст па праслухоўванні пачынае жыць жыццём сваіх падапечных. Роля ў фільме Доннерсмарка сапраўдны трыумф Ульрыха Мюэ і еўрапейскай акцёрскай школы ў цэлым. Герою Мюэ даводзіцца нават цяжэй, чым Шцірліцу: у таго хаця б была за плячыма магутная дзяржава. Сціплы службіст Герд Візлер ваюе супраць сістэмы ў адзіночку, і галоўная барацьба адбываецца ў яго ўнутры. Візлер разумее, што яму пагражае ў выніку выкрыцця. Ён ведае, што раскрыццё Драймана прынясе яму гарантаванае падвышэнне па службе і, адначасова, гарантаваную вялікую ўнутраную пустэчу і адзіноту. Мюэ іграе ўсе сумненні свайго героя так, што мы іх не бачым, а адчуваем.

Герой Ульрыха Мюэ пераадольвае зямное і перамагае ў сутычцы з Сістэмай, адмаўляючыся ад кар'еры, грошай і жыццёвага поспеху ў цэлым. Падзенне Берлінскай Сцяны застае яго сціплым расклейшчыкам чужых канвертаў у перлюстрацыйным паштовым аддзяленні Штазі. Пасля аб'яднання Нямеччыны яго жыццё і ўвогуле ідзе па нахільнай – ён разносіць пошту. Ён, у прынцыпе, і не чакае нейкай узнагароды. Але яна прыходзіць у выглядзе прысвячэння на новым рамане Драймана. І у гэтым моманце ў фільме ёсць адчуванне нейкай вышэйшай справядлівасці, дзеля ўрачыстасці якой і варта было наладзіць усе гэтыя здымкі.

Культавы расейскі музычны крытык Арцемій Троецкі ўпэўнівае на старонках аднаго моладзевага музычнага выдання, што «Жыццё іншых» ніколі не пакажуць у сучаснай Расеі. І «што ён раіць глядзець гэты фільм дома, завесіўшы шторы». Але фільм паказалі нават у сучаснай Беларусі.

Вельмі сімптаматычна, што галоўны прыз фэсту «Лістапад», які апошнім часам стаў занадта афіцыёзным, заваяваў фільм, закліканы абудзіць у гледача пратэст супраць грамадскага ладу, дзе кіруюць страх і дыктатура. Нагадаем, галоўны прыз фэсту атрымоўвае фільм, які набраў найбольшую колькасць менавіта гледачовых балаў.

Не менш сімптаматычна і тое, што, у адрозненне ад афіцыйных вынікаў «выбараў» палітычных, арганізатары сапраўды падлічылі галасы гледачоў. Хоць ніякія назіральнікі, ні незалежныя, ні тым больш міжнародныя, не сачылі за ходам падліку галасоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках