1 лiстапада 2024, Пятніца, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь прадасць расейскія «Іскандэры» Ірану і Сірыі?

2
Беларусь прадасць расейскія «Іскандэры» Ірану і Сірыі?

Планаванае размяшчэнне «Іскандэраў» у Беларусі можа быць толькі прамежкавым этапам продажу ўзбраенняў на Блізкі Усход, лічыць вайсковы аглядальнік «Новой газеты» Павел Фельгенгаўэр.

Начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных сілаў генерал Уладзімір Зарыцкі заявіў, што Расея можа, у якасці асіметрычнага адказу на планы ЗША па разгортванні ПРА ў Польшчы і Чэхіі, паставіць у Беларусь найноўшыя аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр».

Беларускі начальнік ракетных войскаў і артылерыі генерал Міхаіл Пузікаў раней таксама заяўляў пра планаваныя пастаўкі «Іскандэраў». Дамогшыся фактычнага выхаду з выгоднай Расеі (але не ваеннаму начальству) дамовы аб абмежаванні звычайных узбраенняў у Еўропе (ДОВСЕ), нашы генералы цяпер імкнуцца зруйнаваць дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (РСМД). Зарыцкі абвясціў, што ў выпадку выхаду Расеі з РСМД «Іскандэр» мадэрнізуюць, павялічыўшы далёкасць да 500 і больш км.

Адна непрыемнасць – Расея з'яўляецца ўдзельнікам міжнароднага рэжыму па прадухіленні распаўсюджвання ракетных тэхналогій РКРТ і не мае права пастаўляць у Беларусь ні балістычныя, ні крылатыя ракеты далёкасцю больш як 300 км і з баявой часткай цяжэйшай за 500 кг.

У Беларусі легальна можна размясціць толькі спрошчаны, так званы «экспартны» варыянт «Іскандэр-Э» з лімітавай далёкасцю 280 км і баявой часткай да 480 км. Але ад беларускай мяжы да меркаванага размяшчэння аб'ектаў амерыканскай ПРА ў Польшчы і Чэхіі – больш за 500 км. Па Варшаве патрапіць можна, а па аб'ектах ПРА – ніяк.

У Расеі ўсё яшчэ працягваюць выпрабоўваць мадэрнізаваны «Іскандэр-М» з двума балістычнымі ракетамі або з чатырма звышгукавымі крылатымі ракетамі Р-500.

Але пакуль што пры афіцыйна заяўленай далёкасці «Іскандэра-М» у 280 км не толькі з Беларусі, але і з размешчанай заходней Калінінградскай вобласці па будучых базах амерыканскай ПРА ўсё роўна не патрапіць.

Зразумела, што некаторым нашым генералам узмацненне варожасці з Захадам і аднаўленне падабенства гонкі ўзбраення аб'ектыўна выгодныя. Яны даўно спадзяюцца атрымаць вялікую долю нафтагазавых прыбыткаў у ваенны бюджэт. Будуць новыя праграмы па будаўніцтве ўзброеных сілаў і ўзбраенню – будуць новыя багатыя адкаты.

Ёсць яшчэ магчымасць нажывы. У 2004-м Сірыя заплаціла аванс за партыю ракет «Іскандэр-Э», які і пры далёкасці 280 км пакрывае асноўную тэрыторыю Ізраіля. Але Пуцін асабіста, пад амерыкана-ізраільскім ціскам кантракт ануляваў. Непасрэдна перад трагічнай і дзіўнай смерцю ў сакавіку ваенны карэспандэнт «Коммерсанта» Іван Сафронаў расследаваў і атрымаў ад крыніц у ВПК пацверджанне планаў паставак у Сірыю і Іран сучаснай расейскай зброі праз Беларусь, у тым ліку ракет «Іскандэр-Э».

Калі планаванае размяшчэнне «Іскандэраў» у Беларусі аб'ектыўна ніякага дачынення да амерыканскай ПРА не мае, то, магчыма, гэта толькі прамежкавы этап продажу на Блізкі Усход, калі Масква афіцыйна накшталт ні пры чым, а расейскія начальнікі, зразумела, і ў справе, і пры навары.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках