28 лiстапада 2024, Чацвер, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвіла: «Спадзяюся, што ў хуткім часе буду гаварыць пра беларускія справы ў Беларусі»

У тым, што Эўразьвяз распрацаваў стратэгію датычна Беларусі, ёсьць і заслуга Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая апошнім часам актыўна кантактуе з шэрагам уплывовых замежных палітыкаў і дзяржаўных асобаў. Нагадаем, што нядаўна дэлегацыю Рады прымалі ў Эўрапарлямэнце. Пра справы нашай дзяржавы і беларускай дыяспары ў розных краінах сьвету распавяла Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

— Ад пачатку сьвет не цікавіўся Беларусьсю. Кожны раз, калі я сустракалася з заходнімі палітыкамі, можна было гаварыць толькі аб правах чалавека. А пра незалежнасьць усюды казалі, што гэта справа саміх беларусаў — хай робяць, што хочуць.

Але ведаеце, зараз нешта зьмянілася. У апошнія гады пры размове з гэтымі ж палітыкамі я бачу, што яны добра разумеюць праблему незалежнасьці Беларусі. І адносяцца да яе абсалютна інакш.

Спадар Крол (былы амбасадар ЗША ў Беларусі), прыехаўшы ў Амерыку, напісаў мне такі e-mail: ён сам і амерыканскі ўрад заўсёды будуць паважаць і падтрымліваць незалежнасьць і волю беларускага народу. І адну рэч сказаў, якая мне, канешне, спадабалася — што ён аглядзеў, колькі Беларусь дала геніяў у скарбніцу чалавецтва. Вельмі прыемна, што пра гэта кажа іншаземец, які пазнаёміўся з нашай культурай.

Так што, я ўважаю, што мы за гэтыя дзесяць – пятнаццаць гадоў зрабілі велізарны крок наперад. Па-першае, Беларусь ёсьць на мапах сьвету. Па-другое, людзі зразумелі, што наша незалежнасьць — важкая. Па-трэцяе, сьвет адкрывае вочы на наш народ, бачыць, чаго ён варты, якая ў яго вялікая культура, бачыць усе яго якасьці, якія да гэтага часу не ведаў і нават не хацеў ведаць.

Але пагроза па-ранейшаму таксама існуе. Я думаю, што калі б Пуцін мог праглынуць Беларусь, то гэта было б для яго велізарнай перамогай. І, магчыма, ён нават застаўся б на даўжэйшы тэрмін пры ўладзе.

— У звязку з гэтым згадваюцца дыскусіі наконт ролі Лукашэнкі. Адны кажуць, што ён, безумоўна, вораг беларускай незалежнасьці. Іншыя лічаць, што ў апошнія гады Лукашэнка хацеў – не хацеў, але ўсё-ткі, баронячы сябе, адначасова мусіў бараніць незалежнасьць Беларусі. А як мяркуеце Вы?

— Лукашэнка не бараніў Беларусь, ён бараніў сваю тэрыторыю. Гэта яго тэрыторыя, так, як у дзікіх звяроў ёсьць свая тэрыторыя, якую яны бароняць. І Лукашэнка гэта не рабіў для нашага беларускага народу, не рабіў для беларускай зямлі. Адзінае, што ён робіць, гэта бароніць суверэнітэт краіны, зямлі, якую хоча мець пад сабой. І гэта зямля можа быць кітайская, можа быць якая заўгодна — гэта яму поўнасьцю абыякава.

Я думаю, што ён даволі дрэнна адносіцца да ўсяго беларускага, мае нейкую антыпатыю, якую ня ўсе разумеюць, але якая вельмі відавочная.

Лукашэнка чакае свой момант. Як толькі ён атрымае такую цану за Беларусь, якую хоча, ён Беларусь аддасьць. Таму сёньня небясьпека яшчэ большая, чым калісьці.

— Калі гаварыць пра беларускае грамадзтва, то якія зьмены ў ім за гэтыя пятнаццаць год Вы заўважылі?

— Старыя людзі, што жылі ў Савецкім Саюзе, шкадуюць не СССР, а сваю маладосьць, і таму заўсёды будуць выяўляць вялікую сымпатыю да савецкай сыстэмы. Тыя людзі, якія працуюць на Лукашэнку, якія добра зарабляюць, заўсёды будуць яго прыхільнікамі. Але, на маю думку, большасьць народу сталася беларускай, больш чулай да незалежнасьці.

— А што гэтым часам зьмянілася ў дыяспары?

— За пятнаццаць год, на жаль, памерла шмат старэйшых, што апынуліся на Захадзе пасьля вайны. А маладыя, што прыяжджаюць, не заўсёды клапацяцца аб нацыянальнай справе. Для іх важка знайсці сабе месца працы, добра зарабіць. Часта яны напачатку карыстаюцца нашай дапамогай, а пасьля, калі ўжо знойдуць спосаб жыцьця, зьнікаюць. Так што, зьявілася гэтая праблема, якую мы ня мелі, таму што раней практычна ўся беларуская эміграцыя была згодная, што трэба змагацца за незалежнасьць і дапамагаць Беларусі.

Але, з другога боку, ёсць такая частка маладых, якая далучаецца да старэйшай эміграцыі, цікавіцца нашым жыцьцём. Тыя цудоўныя людзі, што зараз робяць найбольшую працу, — гэта новыя людзі.

— Скажыце, калі ласка, за гэты перыяд актыўная частка эміграцыі павялічылася, паменшылася ці засталася прыкладна на тым жа ўзроўні?

— Я думаю, што павялічылася. Шмат маладых, якія прыяжджаюць, далучаюцца да нас. Людзі раптам адчуваюць настальгію па Беларусі, пачынаюць цікавіцца сваім паходжаньнем, продкамі, мовай. І ў Англіі, і ў ЗША дыяспара вельмі актыўная, у тым ліку дзякуючы добрым людзям новага пакаленьня.

— Вы нядаўна наведвалі Аўстралію. Як справы там?

— У Аўстраліі новых эмігрантаў з Беларусі амаль няма. Але старыя — такія нацыянальна моцныя людзі, такія патрыёты, што аж расчулілі мяне да сьлёз. Усе тыя, што там жывуць, якім ужо па восемдзесят пяць гадоў ці іхняе малодшае пакаленьне, якому па шэсцьдзесят гадоў — усе цудоўныя людзі. Я была вельмі захоплена. Гэты патрыятызм нагадваў мне гады пасьляваеннага жыцьця.

— Які шлях за гэтыя гады прайшла Рада БНР?

— Рада мела розныя перыяды ў залежнасьці ад таго, што рабілася ў Беларусі. Падчас халоднай вайны Старшыня Рады Абрамчык быў надзвычай актыўны ў міжнароднай дзейнасьці. Ён быў сапраўдным правадыром ня толькі беларусаў, але і іншых краінаў у змаганьні супраць Савецкага Саюзу. Калі прыйшоў Жук-Грышкевіч, яму падалося, што ў нас не хапала апрацаваных статутаў, апрацаванага ўнутранага жыцьця. І ён найбольш займаўся гэтай справай. Потым, у часы перабудовы, старшынём быў Сажыч. Ён лічыў, што наша роля хутка скончыцца (фактычна ўсе мы так думалі ў тым часе), крышку супакоіўся і не пераймаўся зашмат.

Мяне выбралі ў 1997 годзе. Ад таго часу мы вельмі актыўна распавядаем сьвету пра Беларусь. Працяглы час наша краіна была фактычна схаваная ад сьвету. У такім стане Беларусь было лягчэй праглынуць. Таму ўсе гэтыя гады мы фактычна спрыяем незалежнасьці і дэмакратыі ў Беларусі. Заходнія палітыкі вельмі чулыя на тое, што думаюць выбарцы. А мы ж выбарцы ў нашых краінах. І зараз мы выкарыстоўваем гэта поўнасьцю.

Напрыклад, калі пасьля выбараў сабраліся людзі ў Менску на плошчы Каліноўскага, мне ў Канадзе пачалі званіць мясцовыя журналісты і пытацца, што гэта ўсё значыць. Я распавядала пра пагрозы ўладаў, што ўсе тыя, хто пратэстуе супраць выбараў, будуць лічыцца тэрарыстамі: таму тое, што столькі людзей выйшлі на плошчу – гэта велізарная рэч. Мы дапамагалі іншаземцам гэта зразумець. Безумоўна я надзвычай удзячная нашай моладзі за тое, што яна зрабіла — прыцягнула ўвагу сьвету на праблемы Беларусі.

— Наколькі я разумею, істотна падвысіліся статус і аўтарытэт Рады БНР у вачах міжнароднага супольніцтва. Вы цяпер рэгулярна сустракаецеся з высокапастаўленымі дзяржаўнымі асобамі розных краінаў. Яшчэ нават пяць гадоў таму сустрэчаў на такім высокім афіцыйным узроўні не было.

— У тым часе палітыкі яшчэ ня думалі пра Беларусь, як пра незалежную краіну. Я за гэты час напісала сотні лістоў ад Буша, да кіраўнікоў іншых краінаў, дзе тлумачыла ім сапраўднае становішча ў Беларусі. Такім чынам мы рабілі сваю працу – распаўсюджвалі інфармацыю пра патрэбу незалежнасьці Беларусі, пра беларускі народ, пра ўсе асьпекты нашага жыцьця. І я думаю, што мы дасягнулі нашай мэты на гэты момант. Сьвет пачынае разумець, што Беларусь мусіць быць незалежнай дзяржавай.

— Вы ачольвалі Канадыйскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля, які сабраў і перадаў у Беларусь лекі і медычную апаратуру на мільёны даляраў. Потым вас абралі Старшынёй Рады БНР. Калі падводзіць вашыя асабістыя вынікі гэтых 15 гадоў, чаго было больш -- набыткаў ці стратаў?

— У 1991-м я была адказнай за цэлы адзьдзел перакладаў у адным з міністэрстваў Канады. Там я працавала да 1996-га. Потым пайшла на пенсію, крышку раней, чым трэба, таму што мой муж моцна захварэў, і я хацела заняцца ім, каб мы правялі апошні год разам.

Мяне выбралі на пасаду Старшыні Рады праз тры месяцы пасьля сьмерці мужа. Тады я казала, што гэта поўны абсурд — як я магу займацца справамі краіны, калі я яшчэ ў жалобе. Але нешта сталася, што я ад першага дня ўзялася за працу. І гэта вельмі дапамагло мне перажыць жалобу. Я адчула тую сілу, якая мне дапамагла змагацца.

Ёсць такія моманты, калі чагосьці намагаешся дасягнуць, і гэта выходзіць вельмі цяжка. Часам ствараецца ўражанне, што ня маеш ні ад каго падтрымкі, што цябе не разумеюць, трэба пераглядаць сваю стратэгію, нешта рабіць інакш. Але наогул, асабліва ў гэтым годзе, мы так моцна прайшлі наперад, што для мяне гэта было шчасьцем.

Калі я гавару пра Беларусь, дык адчуваю сябе яшчэ поўнай сілы. Так што буду працягваць, колькі змагу. І спадзяюся, што ў хуткім часе буду гаварыць пра беларускія справы ў Беларусі.

Гутарыў Аляксандар Старыкевіч, “Салідарнасць”

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках