8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы
8- 8.09.2026, 7:54
- 3,176
Перамоглі ў 1514-м — пераможам і сёння!
512 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, войскі Вялікага Княства Літоўскага разграмілі войскі Маскоўскага княства, што амаль утрая пераўзыходзілі іх па колькасці.
Бітва стала пераломнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі яго войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Канстанцін Астрожскі. Ён узначальваў 30-тысячнае войска ВКЛ, якое цалкам разбіла 80-тысячную маскоўскую армію. Князь, брацлаўскі і вінніцкі стараста, троцкі ваявода, да таго часу правёў больш за пяцьдзясят паспяховых бітваў супраць крымскіх татараў.
Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юрый Радзівіл «Геркулес», асобнымі атрадамі — слуцкі князь Юрый Алелькавіч і Іван Сапега.
Перамога князя Канстанціна Астрожскага над раццю маскоўскіх баяраў у значнай ступені была вызначаная масавым ужываннем агнястрэльнай зброі, якая для пачатку XVI стагоддзя была сенсацыйнай навацыяй у ваенным мастацтве.
Тактыка Астрожскага ў бітве 1514 года пад Оршай спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войскаў. Гетман паставіў канкрэтныя задачы для сваёй пяхоты, кавалерыі і артылерыі. Апошняя адыграла вырашальную ролю ў разгроме самаўпэўненых ваявод Івана Чэлядніна і Міхаіла Булгакава-Галіцы.
Астрожскі выставіў супраць маскавітаў тры тысячы вопытных стралкоў, яшчэ і з гарматамі. Яны білі ворага не толькі з фронту, але і з флангаў, прастрэльваючы ўвесь наступальны баявы парадак наскрозь.
Адметнай была і падрыхтоўка, праведзеная гетманам напярэдадні генеральнай бітвы, калі трэба было патаемна выставіць на пазіцыі гарматы. Астрожскі паслаў прыкрыць пераправу гармат лёгкую кавалерыю, якая адцясніла маскавітаў ад навядзеных праз раку Дняпро мастоў.
Імі і прайшлі возы з артылерыяй і боепрыпасамі. Лёгкая кавалерыя ВКЛ выканала таксама заваблівы манеўр, пасля якога, як піша нямецкі падарожнік Зігмунд Герберштэйн у вядомых «Запісках пра Масковію» (1549), маскоўскія ратнікі трапілі пад масіраваны агонь артылерыі ВКЛ. Змятаючы першыя рады, артылерысты Астрожскага паслядоўна пераносілі агонь гармат на цэлі ў глыбіні маскоўскіх палкоў.

Фактычна пушкары Астрожскага сваім баявым майстэрствам падрыхтавалі рашучую контратаку закованай у латы максіміліянаўскага тыпу цяжкай конніцы, што наносіла ўдар кап’ямі ў змыкнутым страі. Гэтыя вершнікі жалезнай сцяной прыціснулі разбітых ворагаў да берага ракі Крапіўны, у водах якой патанула мноства воінаў Масковіі.
Перамога ў Аршанскай бітве сарвала планы першага геапалітычнага падзелу Усходняй Еўропы, якія планавалі маскоўскі цар і імператар Святой Рымскай імперыі. Паводле іх, Вялікае Княства Літоўскае мусіла спыніць сваё існаванне як незалежная дзяржава, а яго землі — адысці да Масквы.
У бітве пад Оршай наша краіна адстаяла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спынена агрэсія Маскоўскай дзяржавы. Бітва сарвала вялікі саюз Святой Рымскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татараў і Маскоўскага княства. Пасля яе нямецкі імператар адмовіўся ад саюзу з Масквой і ўступіў у саюз з вялікім князем Літоўскім і польскім каралём.
Святкаваць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 1980-х. А ў 1992 годзе, у гадавіну вялікай бітвы, на плошчы Незалежнасці ў Мінску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Мінску былі прыведзены да прысягі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Праз зусім кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе армейскія часткі.
Беларусы і сёння працягваюць слаўныя традыцыі гетмана Астрожскага і сваіх продкаў, змагаючыся ў складзе добраахвотніцкіх злучэнняў супраць расійскай арміі ва Украіне.
Вайсковую славу беларусаў, здабытую пад Оршай, штодня пацвярджаюць беларускія добраахвотнікі ва Украіне. Байцы палка адточылі сваё майстэрства ў баях на самых складаных участках фронту.
Ваенныя эксперты высока ацэньваюць вайсковае майстэрства і досвед беларускіх добраахвотнікаў.
«Перамоглі ў 1514-м — пераможам і сёння!».