У лістападзе Украіну чакаюць цудоўныя навіны
10- Хікмет Джавад
- 7.09.2026, 21:37
- 3,436
Незабаром адбудзецца імклівае змяненне сітуацыі.
Безумоўна, паведамленне пра тое, што партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) заняла першае месца на выбарах у федэральнай зямлі Саксонія-Ангальт, з'яўляецца вельмі трывожным для Украіны. Бо AfD выступае за фактычнае спыненне нямецкай ваеннай дапамогі Украіне. Так, у студзені 2026 года фракцыя AfD у Бундэстагу ўнесла прапанову спыніць усе віды падтрымкі Украіны, якія, паводле яе фармулёўкі, падаўжаюць вайну, захаваўшы гуманітарную дапамогу.
Тут варта нагадаць, што прэс-сакратар AfD па пытаннях знешняй палітыкі Маркус Фронмаер сустрэўся з генеральным дырэктарам расійскага энергетычнага гіганта «Газпрам» Аляксеем Мілерам падчас візіту ў Санкт-Пецярбург, дзе нямецкі дэпутат удзельнічаў у эканамічным форуме. Фронмаер, які таксама займае пасаду намесніка лідара партыі ў Бундэстагу, сустрэўся тады таксама і з Кірылам Дзмітрыевым, кіраўніком расійскага суверэннага фонду і спецыяльным пасланнікам расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
«З нецярпеннем чакаю сумеснага будаўніцтва вялікай будучыні разам з «АдГ» — найпапулярнейшай партыяй Германіі», — напісаў Дзмітрыеў у X. Якую «вялікую будучыню» Еўропы бачаць у Крэмлі — нікому тлумачыць не трэба. Як і не варта сумнявацца ў тым, што ў Расіі вельмі спадзяюцца на кардынальную змену палітыкі Францыі ў пытанні падтрымкі Украіны.
Нагадаю, што прэзідэнцкія выбары ў Францыі адбудуцца ў красавіку наступнага года, і шанцы перамагчы на іх у лідаркі ультраправой партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пен даволі нядрэнныя. Паводле сацыялагічных апытанняў, у першым туры за яе прагаласавалі б ад 34 да 35,5% выбарцаў у залежнасці ад розных сцэнарыяў.
Планы Ле Пен ужо агучыў тэлеканалу BFMTV віцэ-прэзідэнт партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Луі Аліо. «Сістэма аховы здароўя, сістэма адукацыі, уся эканоміка — усё на мяжы знясілення, а грошы ўсё адно знаходзяць, каб і далей фінансаваць зброю, але хто за ўсё гэта плаціць?» — заявіў Аліо, адказваючы на пытанне пра магчымасць «перакрыць кран» з дапамогай Украіне ў выпадку прыходу да ўлады.
На першы погляд, усё складваецца для нашай краіны проста жахліва. Але насамрэч — гэта памылка. Бо сітуацыя можа кардынальна змяніцца ўжо ў лістападзе, паводле вынікаў выбараў у Кангрэс ЗША. Ужо цяпер рэйтынг адабрэння дзейнага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа упаў да рэкордна нізкіх 33% на фоне зацяжной і непапулярнай вайны з Іранам і рэзкага росту коштаў на паліва і тавары. Акрамя таго, у ЗША памятаюць, што Трамп абяцаў вельмі хутка завяршыць вайну Расіі супраць Украіны. Што з гэтага абяцання выйшла — пабачыў увесь свет.
А галоўнае — усё гэта ўбачылі і амерыканскія выбарцы. Якія, паводле даных апытанняў, стаміліся ад таго балагану, у які ператварыў амерыканскую знешнюю палітыку Трамп. У гэтым кантэксце паказальнае і апытанне Financial Times, якое паказала, што 46% выбарцаў (уключаючы больш за палову незалежных) наўпрост заяўляюць, што Трамп сваёй таксічнасцю перашкаджае рэспубліканцам перамагчы на выбарах у Кангрэс.
Як бачым, вельмі шмат што сведчыць пра тое, што ў лістападзе Украіну чакаюць цудоўныя навіны ў выглядзе пераканаўчай перамогі дэмакратаў на выбарах у Кангрэс. Пасля чаго мы (украінцы - прым.) цалкам магчыма ўбачым імклівае змяненне сітуацыі. Яно можа выявіцца ў выглядзе выдзялення амерыканскім бокам новых пакетаў ваеннай і фінансавай дапамогі Украіне, а таксама новых санкцый супраць Расіі.
І гэтая тэндэнцыя, упэўнены, стане сігналам для еўрапейскіх саюзнікаў нашай краіны (Украіны - прым.). У тым ліку і ў Германіі, і ў Францыі. Нават тыя еўрапейскія партыі, якія ў Крамлі лічаць лаяльнымі да Расіі, істотна зменяць сваю пазіцыю пасля таго, як дэмакраты возьмуць Кангрэс і пачнецца канец кіравання Трампа.
Так што ўсё зусім не так дрэнна для нашай краіны (Украіны - прым.) і не так вясёлкава для пуцінскай Расіі, як спрабуюць прадставіць некаторыя эксперты.
Хікмет Джавад, «Гордон»