Вілейскі хлебазавод выпусціў торты для гендар-паці
- 7.09.2026, 17:37
Такія торты сталі папулярнымі ў Беларусі ў апошнія некалькі гадоў.
«Вілейскі хлебазавод» пачаў гатаваць спецыяльныя торты для гендар-паці — падзеі, падчас якой даведваюцца пра пол дзіцяці. Колер крэму павінен паведаміць, хто будзе ў пары — хлопчык ці дзяўчынка. Замовіць торт можна ў фірмовай краме хлебазавода. Кошт за кілаграм — 22,89 рубля, піша «Онлайнер».
Традыцыя ўрачыста даведвацца пра пол будучага малога стала папулярнай у Беларусі ў апошнія некалькі гадоў. Пачалася яна ў ЗША ў 2008 годзе. Яе пачынальніцай стала амерыканка Джэна Карвунідыс, якая ўладкавала вечарыну з каляровым тортам і распавяла пра гэта на форуме для бацькоў. Да гэтага жанчына перажыла некалькі страт, таму ёй было асабліва важна ўрачыста паведаміць блізкім пра доўгачаканае папаўненне ў сям'і. Дарэчы, тады начынка торта аказалася ружовая. Асноўную хвалю папулярнасці ідэя атрымала пасля з'яўлення Instagram.
Як распавялі на прадпрыемстве, першы торт спяклі ў пятніцу. Сам смак ужо быў у лінейцы завода — гэта мядовы торт «Мой дзень». Спецыяльна выбіралі нейтральны смак, які падабаецца многім: мядовыя каржы прасякнутыя лёгкім крэмам са згушчаным малаком.
Дарэчы, у тым самым крэме ўся «фішка»: менавіта яго афарбоўваюць у ружовы (для дзяўчынкі) або блакітны (для хлопчыка) колер. Колер на смак не ўплывае.

Пакупнікі могуць выбраць памер торта — адзін, паўтара або два кілаграмы. Што да малюнка, на заводзе распрацавалі спецыяльны дэкор. Можна таксама папрасіць зрабіць выяву па індывідуальнай замове. Але ў гэтым выпадку трэба паказаць канкрэтную карцінку.