На аўкцыёне за $4 млн прадаюць карціну Шагала
1- 4.09.2026, 21:07
За восем гадоў яе кошт вырас удвая.
Аўкцыённыя дамы Christie’s і Sotheby’s абвясцілі першыя восеньскія таргі па сучасным мастацтве. Традыцыйна сярод лотаў ёсць некалькі працаў мастака з Віцебска Марка Шагала. Найдаражэйшую з іх паспрабуюць прадаць больш чым за $4 млн. Пры гэтым амаль за восем гадоў яе кошт вырас удвая, піша office life.
Ідзе гаворка пра карціну «Сяляне». Марк Шагал напісаў яе ў 1971 годзе. У гэты час мастак жыў на паўднёва-ўсходзе Францыі ў камуне Сен-Поль-дэ-Ванс разам са сваёй другой жонкай Валянцінай Бродскай.

На карціне Шагал адлюстраваў традыцыйныя для сваёй творчасці вобразы. У цэнтры кампазіцыі — двое закаханых. У адрозненне ад іншых яго работ, на гэтай яны не абдымаюцца: мужчына глядзіць не на сваю каханую, а на дахі горада. Магчыма, так ужо не малады мастак хацеў паказаць, што сумуе па доме свайго дзяцінства.
Гэтую карціну паспрабуюць прадаць 28 верасня падчас вечаровага аўкцыёну сучаснага і актуальнага мастацтва на пляцоўцы аўкцыённага дома Sotheby’s у Ганконгу. Па пазітыўнай ацэнцы, эстымейт працы перавышае $4 млн.
Цяперашні ўладальнік набыў карціну ў лістападзе 2018 года на пляцоўцы аўкцыённага дома Christie’s. Яна дасталася яму за $1,93 млн. Пры гэтым тады яе прадалі на $560 тыс. танней за пазітыўную ацэнку ў $2,5 млн.

У левым ніжнім куце карціны стаіць падпіс мастака. Таксама сапраўднасць працы пацвердзіў Камітэт Шагала.
Яшчэ адну працу Марка Шагала будуць прадаваць на наступны дзень, 29 верасня, на таргах па сучасным мастацтве ад Sotheby’s таксама ў Ганконгу. Пазітыўная ацэнка своеасаблівага нацюрморта 1950 года складае $570 тыс.
Трэцюю працу Шагала таксама прададуць у Ганконгу. На гэты раз 30 верасня падчас таргоў па мастацтве XX стагоддзя на мясцовай пляцоўцы аўкцыённага дома Christie’s. Пазітыўная ацэнка карціны мастака на цыркавую тэматыку — $700 тыс.