Самалёт, які ляцеў у Ізраіль, падаў код, што азначае захоп паветранага судна
- 30.09.2026, 9:59
- 11,824
(абноўлена) Высветлілася, што ў небе пабіліся двое пілотаў.
Ранішні рэйс авіякампаніі Flydubai, які ляцеў з Дубая ў Тэль-Авіў, выканаў вымушаную аварыйную пасадку ў Саудаўскай Аравіі пасля таго, як экіпаж перадаў дыспетчарам сігнал бедства аб захопе паветранага судна. Прычынай міжнароднай трывогі стала бойка паміж самімі пілотамі, паведамляе ізраільскі партал Ynet.
На борце лайнера знаходзіліся 174 пасажыры, у тым ліку 27 дзяцей. Падчас палёту самалёт раптам перайшоў на ручное зніжэнне, разгарнуўся ў паветры і ненадоўга перадаў аварыйны код, які сігналізуе пра напад на экіпаж або спробу ўгону.
У Ізраілі інцыдэнт імгненна выклікаў найвышэйшы ўзровень трывогі: у неба тэрмінова ўзнялі ваенныя знішчальнікі, а прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху і міністр абароны Ісраэль Кац сабралі тэрміновую аператыўную нараду.
Праз некалькі хвілін напружанага чакання службы бяспекі праяснілі сітуацыю і абвясцілі адбой трывогі. Высветлілася, што тэрарыстычнай пагрозы не было, а сігнал бедства выпадкова спрацаваў падчас патасоўкі: пілоты пасварыліся проста ў кабіне і пусцілі ў ход кулакі. Самалёт перанакіравалі ў бліжэйшы аэрапорт саудаўскага горада Табук, дзе лайнер паспяхова прызямліўся.
