Лукашэнка занепакоіўся заробкамі ў Мінску
25- 3.09.2026, 19:01
- 20,192
Дыктатар баіцца паскарэння інфляцыі.
Аляксандр Лукашэнка занепакоіўся ростам заробкаў у Мінску і заклікаў «не форсаваць», каб не справакаваць паскарэнне інфляцыі. Пра гэта ён заявіў падчас прыёму з дакладам старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, перадае прэс-служба дыктатара.
Уладзімір Кухараў даклаў, што па выніках першай паловы года сярэдні заробак у Мінску дасягнуў 3878 рублёў. На гэта Лукашэнка адрэагаваў:
— Трэба трымаць гэты ўзровень, але не форсаваць. Бо заробак, велізарныя грошы рана ці позна прывядуць да інфляцыі. А інфляцыя ў Мінску — гэта па ўсёй краіне разыдзецца, мы будзем гэтыя грошы «з'ядаць».
Узурпатара непакоіць, што заробкі могуць расці, пакуль вытворчасць падае.
— Але за гэтым трэба назіраць — каб прадукцыйнасць працы была высокай. І абавязкова дадаваць за кошт прадпрыемстваў, якія слаба працуюць.
— Галоўны прынцып — грошы павінны быць заробленыя, — адзначыў у адказ Кухараў. — Мы вытрымліваем каэфіцыент (росту заработнай платы адносна росту прадукцыйнасці працы. — Заўв. рэдакцыі), каб не дапусціць нейкіх збояў на валютным рынку, бо гэта прывядзе да інфляцыі.