26 верасня 2026, Субота, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Турцыі знайшлі фрагменты найстаражытнейшай мірнай дамовы

У Турцыі знайшлі фрагменты найстаражытнейшай мірнай дамовы
Ілюстрацыйнае фота

Яе падпісалі прыкладна ў 1269 годзе да нашай эры.

Міністэрства культуры і турызму Турцыі абвясціла пра выяўленне фрагментаў найстаражытнейшай мірнай дамовы ў гісторыі, узрост якіх ацэньваецца ў 3400 гадоў, паведамляе Live Science.

Пагадненне, вядомае як Кадэшская мірная дамова, заключылі прыкладна ў 1269 годзе да нашай эры егіпецкі фараон Рамсес II і хецкі цар Хатусілі III. Раней навукоўцы знаходзілі і іншыя часткі гэтай дамовы, але новыя фрагменты выявілі ў Хатусе — старажытным горадзе, размешчаным у паўночнай частцы цэнтральнай Турцыі, які быў сталіцай Хецкага царства.

«Мы адшукалі ў зямлі Анатоліі сляды міру, якім тысячы гадоў», — заявіў міністр культуры і турызму Турцыі Мехмет Нуры Эрсой. Паводле яго слоў, на нанава выяўленым фрагменце клінапіснай таблічкі змяшчаецца тэкст раздзела дамовы, які датычыць абыходжання з бежанцамі. «Гэта нагадвае нам пра нашу адказнасць за абарону чалавечага жыцця і годнасці», — адзначыў Эрсой.

Хецкае царства дамінавала ў цэнтральнай частцы Анатоліі ў бронзавым веку, прыкладна з 1650 па 1200 год да н. э. У Хатусе археолагі знайшлі мноства дыпламатычных дакументаў, складзеных на аккадскай мове — найстаражытнейшай з вядомых семіцкіх моў; сярод іх былі і іншыя фрагменты Кадэшскай мірнай дамовы.

Правіцелі падпісалі гэтую дамову, каб пакласці канец зацягнутай вайне паміж Старажытным Егіптам і Хецкім царствам; яна лічыцца найстарэйшай з вядомых мірных дамоваў у гісторыі. Хоць дакумент вядомы як Кадэшская дамова, у ім не згадваецца сама бітва пры Кадэшы, якая адбылася за некалькі гадоў да яго падпісання. Таму дакумент таксама называюць егіпецка-хецкай мірнай дамовай, «Вечнай дамовай» або «Сярэбранай дамовай».

Тэкст дамовы захаваўся дзякуючы надпісам, выяўленым у двух старажытных гарадах. На пачатку XIX стагоддзя археолагі ўпершыню знайшлі гэтую дамову, высечаную іерогліфамі на сценах храма Рамсеса II у Фівах (сучасны Луксор). У Хатусе ж фрагменты дамовы ўпершыню знайшлі ў XX стагоддзі.

Паводле перакладу дамовы, прадстаўленага Міністэрствам культуры і турызму Турцыі, у дакуменце ёсць наступныя словы, што датычацца Рамсеса II і Хатусілі III: «Ён — мне брат, і ён са мною ў міры; і я — яму брат, і я назаўсёды з ім у міры». Таксама ў ім сказана: «Краіна Егіпет і краіна Хаці [Хецкая імперыя] назаўсёды будуць у міры і братэрстве, падобна таму, як гэта існуе паміж намі».

Дамова таксама змяшчае палажэнні пра аказанне дапамогі краіне, якая падверглася ўварванню, і пра парадак абыходжання з бежанцамі. У тэксце пазначана, што любы бежанец з Егіпта, які апынуўся ў Хатусе, павінен быць вярнуты ў Егіпет, а бежанец з Хатусы, які апынуўся ў Егіпце, — у Хатусу, бо ўцёкі лічыліся злачынствам.

У той жа час дамова наўпрост забараняе падвяргаць бежанцаў пакаранням: «Нельга вырываць ім языкі і вочы, адсякаць вушы і ногі, а таксама разбураць іх дамы разам з жонкамі і дзецьмі». Частка гэтага тэксту прысутнічае на нядаўна выяўленым фрагменце з клінапісу.

Навукоўцы лічаць, што далейшыя раскопкі дазволяць выявіць іншыя часткі гэтай дамовы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲