У два мінскія інтэрнаты прыходзілі сілавікі з аўчаркай
4- 25.09.2026, 21:16
- 1,514
Для «прафілактыкі».
Супрацоўнікі міліцыі і пракуратуры, а таксама аўчарка 25 верасня правялі рэйд у двух сталічных інтэрнатах навучэнскай моладзі, паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны». Шукалі наркотыкі.
Раптоўная праверка закранула інтэрнаты Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа і Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО».
«Наша мэта — з дапамогай такіх рэйдаў і адпрацовак інтэрнатаў своечасова папярэдзіць навучэнцаў, растлумачыць наступствы і спыніць як ужыванне вейпаў, так і любыя спробы ўцягвання падлеткаў у супрацьпраўную дзейнасць», — распавёў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх УУС Кастрычніцкага раёна Мінска Павел Гоман.

З навучэнцамі праводзілі прафілактычныя гутаркі, дзе падкрэслілі, што «нават за звычайную перадачу рэчыва сябрам або захоўванне без мэты збыту прадугледжана сур'ёзнае пакаранне».
Кінолаг са службовай сабакай агледзеў пакоі. Пёс па мянушцы Тор «уважліва абнюхваў тыя месцы, дзе патэнцыйна маглі знаходзіцца наркатычныя рэчывы», піша дзяржаўнае агенцтва.
Па выніках праверкі забароненых рэчываў не выяўлена. Такія мерапрыемствы праводзяцца перыядычна, без папярэджання. У гэтым навучальным годзе гэта ўжо другая праверка.