Украіна заклікала закрыць «Рускія дамы» ва ўсіх краінах свету
6- 19.09.2026, 21:15
- 1,112
Гэтыя структуры выкарыстоўваюцца Расіяй для дэзінфармацыі, дэстабілізацыі і шпіянажу.
Украіна заклікала ўрады іншых краін закрыць сетку расійскіх культурных цэнтраў «Рускі дом». Міністр замежных спраў Андрэй Сыбіга у суботу, 19 верасня, у сетцы X заявіў, што гэтыя структуры выкарыстоўваюцца Расіяй для дэзінфармацыі, дэстабілізацыі і шпіянажу.
Паводле слоў Сыбігі, Украіна афіцыйна звярнулася да ўрадаў краін з заклікам прызнаць дзейнасць сеткі пагрозай нацыянальнай бяспецы і абмежаваць яе працу.
«Расія вядзе глабальную барацьбу за розумы людзей, выкарыстоўваючы разгаліняваную сетку інструментаў і каналаў, у тым ліку «Рассупрацоўніцтва» і культурныя цэнтры пад назвай «Рускі дом», — напісаў кіраўнік МЗС.
Сыбіга адзначыў, што Украіна прывяла ў звароце аргументы на карысць абмежавання дзейнасці сеткі і поўнага закрыцця яе цэнтраў. Ён таксама заявіў, што «Рускія дамы» працягваюць працаваць як мінімум у сямі еўрапейскіх краінах, а расійская культурная інфраструктура прадстаўлена таксама ў іншых рэгіёнах свету.
Асобна міністр узгадаў рашэнне Германіі па «Рускім доме» ў Берліне. 1 верасня ўрад ФРГ абвясціў пра спыненне дзеяння пагаднення, якое рэгулюе працу цэнтра. У той жа час паводле ўмоваў дзеючага пагаднення канчатковае спыненне яго дзейнасці чакаецца не раней за сярэдзіну 2027 года.
Сыбіга заявіў, што такія цэнтры не павінны быць часткай еўрапейскай прасторы, калі яны выкарыстоўваюцца для распаўсюду расійскай прапаганды і ўплыву.
Раней Германія звязала рашэнне па «Рускім доме» з рэакцыяй на спробу атакі на аэрапорт Ляйпцыг/Гале. Берлін ускладае адказнасць за інцыдэнт на расійскія спецслужбы, у той час як Масква гэтыя абвінавачанні адхіляе.