Лукашэнка зноў прагаварыўся пра сваю манію велічы
- Алеся Матусевіч
- 14.09.2026, 16:37
- 2,318
Народнай любові ўказамі і ордэнамі дамагчыся так і не ўдалося.
14 верасня ў так званым Палацы незалежнасці правіцель РБ раздаў чарговыя дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер. Мерапрыемства было прымеркавана да прыдуманага ўладамі «Дня народнага адзінства».
Падчас цырымоніі, дарэчы, прагучала цікавая лічба. Паводле слоў Лукашэнкі, ужо амаль 200 вуліц, праспектаў і плошчаў у Беларусі назвалі ў гонар 17 верасня. А «народнага адзінства» як не было, так і няма, колькі ні ўзвышай самых адданых і лаяльных.
— Зайздрошчу вам — часта пра гэта кажу — таму што сам сябе не магу ўзнагародзіць, — нібыта жартам прызнаўся наваспечаным героям Беларусі Лукашэнка.
Але ў кожным жарце толькі доля жарта. А ў выпадку правіцеля яе і ўвогуле мізэрна мала. Ён і насамрэч хацеў бы ўвайсці ў гісторыю як першы прэзідэнт суверэннай Беларусі, які прывёў краіну да росквіту — рэкордныя ўраджаі і пракарміць паўсвету, палёты ў космас, рэнесанс вёскі і сельскай гаспадаркі, блокбастар на зайздрасць Галівуду, навуковыя прарывы — хоць што-небудзь.
Каб у народзе цанілі, услаўлялі і дзякавалі хорам. Узнагароджвалі няхай не ордэнамі і помнікамі, але хаця б авацыямі. Падпарадкоўваліся і радаваліся мудраму кіраўніцтву.
А выходзіць дакладна наадварот. Замест эканамічных і навуковых поспехаў — правалы, замест барацьбы з карупцыяй — перавядзенне яе на сістэмны ўзровень, замест шматвектарнасці — палітычная сузалежнасць, замест народнага адзінства — рэпрэсіі. І ўзнагароджваць няма за што, і ўсеснароднай любові няма і не было, як ні рассаджвай свой ручны УНС.
Таму падрабязныя разважанні Лукашэнкі пра дзяржаўныя ўзнагароды, якія нібыта асабістыя, але ўсё ж калектыўныя, бо «побач або за спінай у цябе калектыў», і «без калектыву мы — нішто», — гэта практычна дыягназ яго ўласнаму рэжыму.
Памятаючы даўнюю кінацытату з альтэрнатыўнага агучвання «Уладара пярсцёнкаў»: «калі ты плюнеш на калектыў — калектыў утрэцца, а калі калектыў плюне на цябе — ты патонеш». І выбудаваная Лукашэнкам сістэма патроху тоне — зусім не ў любові і абожанні.
Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»