«Цёшча» Лукашэнкі спрабавала знішчыць прыватную медыцыну, але не атрымалася
2- 10.09.2026, 8:32
- 6,654
Як пачыналася эра медцэнтраў у Беларусі.
Прыватная медыцына даўно стала неад’емнай часткай жыцця беларусаў; візіт у «Лодэ», «Нордин», «Экомедсервис» або іншы медцэнтр успрымаецца як звычайная справа. Аднак так было далёка не заўсёды. «Зеркало» нагадала, як у нашай краіне з’явіліся прыватнікі ў сферы аховы здароўя, колькі каштаваў прыём, калі такія паслугі сталі даступнымі звычайным людзям, як «цёшча» Лукашэнкі спрабавала знішчыць прыватную медыцыну і што адбываецца з гэтай сферай сёння.
Ад СССР — да «Авиценны» і «Эксаны»
Да таго, як Беларусь стала незалежнай, яе жыхары дзесяцігоддзямі карысталіся савецкай сістэмай медыцынскага абслугоўвання. Яна складалася з двух паралельных частак: гэта ўстановы Мінздароўя, дзе дапамога аказвалася па месцы жыхарства, і ведамасныя паліклінікі і бальніцы, падпарадкаваныя іншым органам, — напрыклад, ваенныя шпіталі Мінабароны, паліклінікі пры буйных прадпрыемствах. Для дзяржаўных устаноў (ведамасныя цярпелі ад гэтага меней) былі ўласцівыя астаткавы прынцып фінансавання, адміністрацыйны парадак зацвярджэння і расходавання каштарысаў, недастатковая матэрыяльна-тэхнічная забяспечанасць.
Прыватнай медыцыны ў СССР не існавала, а найноўшыя тэхналогіі былі даступныя толькі партыйнай эліце. Напрыклад, першы ў СССР камп’ютарны тамограф пачаў працаваць у 1978 годзе ў Цэнтральнай клінічнай бальніцы ў тагачасным падмаскоўным Кунцаве, якая абслугоўвала чыноўнікаў (яе называлі «Крамлёўка»). А ў звычайных клініках буйных расійскіх гарадоў такія апараты з’явіліся толькі ў пачатку 1990-х. Наўрад ці ў Беларусі было інакш.
Пад канец савецкай эпохі пачалі з’яўляцца ўстановы, што працавалі па прынцыпе гаспадарчага разліку, то бок самаакупнасці, — там прыём быў платны. Напрыклад, такой стала 9-я стаматалагічная паліклініка ў Мінску, якая адкрылася ў 1982-м. Але гэта была рэдкасць, фактычна альтэрнатывы бясплатнай дзяржаўнай медыцыне не існавала.
Крах камуністычнай сістэмы і абвяшчэнне незалежнасці Беларусі далі бізнэсу зялёнае святло. Прыватныя цэнтры пачалі з’яўляцца адзін за адным. Першым — яшчэ ў 1990-м, да фармальнага канца СССР — з’явіўся цэнтр «Авиценна». У 1992-м адкрыліся «Лодэ» і «Эксана», у 1993-м — «Парацельс» і «Микоша», у 1994-м — «Сантана» і «Полстар», у 1995-м — «Экомедсервис». Тут пералічаны тыя ўстановы, што працуюць да гэтага часу (медцэнтраў тады з’явілася куды больш, але ўтрымаліся нямногія).
Стартвалі ўсе з даволі сціплых умоў. «Эксана» першапачаткова мела ўсяго тры кабінеты на праспекце Пушкіна, 28а, «Лодэ» — і ўвогуле адзін на вуліцы Макаёнка, 17. «Экомедсервис» увогуле пачаўся не як клініка: фізік Уладзімір Коява, супрацоўнік НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ, у 1991-м заснаваў аднайменную беларуска-амерыканскую кампанію для дыстрыбуцыі медыцынскіх тавараў і толькі пазней уклаўся ў медцэнтр.
Прорыў «Лодэ»
Галоўнай гісторыяй поспеху стаў прыклад «Лодэ». Стварыў яго Уладзімір Горбачоў — урач і прадстаўнік вядомай у Беларусі медыцынскай сям’і. Яго бацька, кардыёлаг Уладзімір Горбачоў-старэйшы, больш за 20 гадоў узначальваў кафедру кардыялогіі Інстытута ўдасканалення ўрачоў (цяпер гэта Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі). Маці Яўгенія Горбачова доўгі час займала пасаду галоўнага педыятра Мінска. Іх сын, які меў, акрамя дыплома ўрача, няскончаную тэхнічную адукацыю, падумаў пра адкрыццё аўтасэрвісу. Вопыт кіравання ў яго ўжо быў: Горбачоў-малодшы працаваў намеснікам дырэктара па лячэбнай частцы ў санаторыі «Азёрны» на Гродзеншчыне.
Аднак бацька пераканаў Уладзіміра адкрыць медыцынскі прафесарска-кансультатыўны цэнтр. Ён жа прапанаваў назву па прозвішчы сваёй маці — Ванды Лодэ. Будучы цэнтр пачынаўся з аднаго арандаванага кабінета ў сталічнай вадзяна-гразелячэбніцы. Досвед і сувязі бацькі дапамаглі прыцягнуць высокакваліфікаваных спецыялістаў. У 1993-м у штат узялі першага ўрача-тэрапеўта. У 1995-м цэнтр арандаваў некалькі дзясяткаў квадратных метраў, дзе размяшчаліся адміністрацыя, кансультатыўны і стаматалагічны кабінеты. У 1997 годзе ўжо былі арандованы памяшканні ў розных частках горада, набыты ўласны будынак на вуліцы Прытыцкага. У 1999-м у кампаніі працавала больш за 300 чалавек. У 2000-м адкрыўся філіял у Брэсце.
Але і іншыя імкнуліся ўвайсці ў бізнэс. Крыху раней, у 1999-м, з’явілася «Новое зрение», якое пачынала працу з арандаваных плошчаў у паліклініцы Мінскага трактарнага завода. Затым на рынак выйшлі «Анусан» (цяпер «Кравира», 2000), «Эмбрио» і «Ева» (2001).
Гэта было толькі пачатак, да росквіту сферы прыватнай медыцыны пройдзе яшчэ некалькі гадоў. «У 2001 годзе мы заходзілі ў “зародак рынку”, але канкурэнцыя ўжо была. Былі флагманскія прыватныя медцэнтры з досведам і іміджам. Былі і прыватныя кабінеты. Не магу сказаць, што рынак быў сфармаваны, але далей ён пачаў вельмі актыўна развівацца», — распавядала Ларыса Пекурава, стваральніца клінікі жаночага здароўя «Ева».
Прычынай таго, што рынак знаходзіўся «ў зародку», былі ў першую чаргу грошы, дакладней, іхная адсутнасць у большасці насельніцтва. У 2001-м кошт кансультацыі ў «Лодэ» складаў каля 8 долараў, тады як мінімальная зарплата ў краіне — не больш за 6,4 долара. Сярэдняя зарплата настаўнікаў — і гэта пасля істотнага павышэння — складала 20–25 долараў, у прамысловасці — 63 долары. А сярэдні даход вышэйшы за 120 долараў у тым годзе мелі толькі 22,2% уладальнікаў прыватных прадпрыемстваў, 4,2% рабочых і 2% служачых.
У такіх умовах відавочна, што прыватныя медцэнтры былі даступныя толькі вузкай групе найбольш заможных беларусаў, але не простым людзям з звычайным заробкам. Напрыклад, у другой палове 1990-х у «Экомедсервисе» да паловы паслуг аказвалася карпаратыўным кліентам.
Барацьба «цёшчы» Лукашэнкі
Тым не менш узровень жыцця беларусаў патроху рос, а разам з ім і запатрабаванасць прыватнікаў. Улады ўбачылі ў іх канкурэнтаў і вырашылі выбіць іх з гульні.
Гэта адбылося ў 2002-м. Яшчэ на пачатку таго года чыноўнікі патрабавалі ад дзяржаўных медустаноў нарошчваць выручку, здаючы пустуючыя памяшканні ў арэнду, і прыватныя медцэнтры плацілі за іх па 1–6 тысяч долараў у месяц. Але ўжо вясной Лукашэнка раптоўна загадаў выселіць арандатараў, а ў канцы красавіка спытаў у міністра аховы здароўя Уладзіслава Астапенкі, колькі прыватных структур той выгнаў. Міністр не змог адказаць і страціў пасаду, хоць узначаліў ведамства ўсяго паўгодам раней. У ўказе пра яго адстаўку падставай былі названыя «сур’ёзныя ўпушчэнні ў рабоце, што выявіліся ў неналежным выкананні службовых абавязкаў».
Новым міністрам аховы здароўя Лукашэнка прызначыў Людмілу Пастаялка, якая ўсяго паўгода была намесніцай міністра, а да таго працавала галоўным урачом Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы. Пастаялка была не выпадковай асобай, а фактычна цёшчай Лукашэнкі — маці Ірыны Абельскай, якая з 1994 года працавала асабістым урачом палітыка і стала з ім надзвычай блізкай, а ў 2004 годзе нарадзіла яму сына Мікалая Лукашэнкі.
Ужо праз тыдзень пасля прызначэння Пастаялка Мінгарвыканкам і аблвыканкамы вынеслі рашэнні пра спыненне ўсіх дзелавых адносін дзяржаўных медустаноў з камерцыйнымі структурамі. Тэрмін на «выселку» прыватнікаў чыноўнікі далі да 1 ліпеня. А за два дні да гэтай даты Савет Міністраў прыняў палажэнне аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных установах, і ў Мінску была шырока разгорнута праграма па аказанні такіх паслуг насельніцтву ў паліклініках і бальніцах. Таму выселка прыватнікаў была не выпадковай, а відавочна наўмыснай: улады хацелі разгарнуць фінансавыя патокі платнай медыцыны на сябе.
Як і многія ініцыятывы беларускіх чыноўнікаў, накіраваныя супраць прыватнага сектара, гэтая ідэя пацярпела крах. Больш за тое, яна нават стала стымулам для буйных прыватных медцэнтраў нарэшце пабудаваць уласныя будынкі: напрыклад, у 2005-м яны з’явіліся ў «Экомедсервиса» і толькі што адкрытага «Нордина». У сферу ўваходзілі і новыя гульцы, такія як медцэнтр «Сям’я і здароўе» (2004) у Гомельскай вобласці.
У сярэдзіне нулявых узровень жыцця беларусаў якраз пачаў паляпшацца. «Расія давала бясконцыя танныя крэдыты, танны газ, танную нафту. Пры такіх льготных умовах эканоміка расла, развівалася. Ну такая абмежаваная, не да канца рынкавая, быў такі наменклатурны капіталізм. Але яна развівалася. І заробкі раслі. Людзі былі задаволеныя», — успамінаў палітык Аляксандр Мілінкевіч. Да канца нулявых памер мінімальнай зарплаты вырас да 90 долараў. Сярэдняя на піку (перад прэзідэнцкімі выбарамі — 2010, калі Лукашэнка ўключыў друкарскі станок) складала 532 долары. Потым адбыўся крызіс і адкат даходаў насельніцтва. Але ўсе гэтыя гады кошт кансультацыі ў тым жа «Лодэ» заставаўся ранейшым — каля васьмі–дзесяці долараў. І цяпер гэта было даступна ўжо для большай часткі насельніцтва.
Таму менавіта нулявыя сталі тым перыядам, калі прыватныя медыцынскія цэнтры актыўна ўвайшлі ў жыццё беларусаў. З’явіліся і прыватныя лабараторыі — Synlab (2006) і пазней Synevo (2009).
Пастаялка сышла з пасады міністра ў самым канцы 2005-га, але яшчэ нейкі час чыноўнікі працягвалі рэалізоўваць папярэдні курс. У студзені 2006-га нават збіраліся забараніць лекарам сумяшчаць працу ў дзяржаўных і прыватных медустановах. Аднак да таго часу віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаннях, які курыраваў медыцыну, стаў Аляксандр Касінец. Паводле меркавання даследчыка Аляксандра Федуты, менавіта дзякуючы яму ўдалося змякчыць «рэформы Пастаялка» і ўратаваць беларускую ахову здароўя.
Можна меркаваць, што гэта выратвала і прыватную медыцыну. Бо яшчэ ў 2005-м Мінздароўе адклікала ліцэнзіі ў «Нордина» і «Экомедсервиса» (на шчасце, пазней тыя змаглі вярнуць ліцэнзіі і працягнулі працу). Але ўжо ў 2006-м у сталічных паліклініках і бальніцах звярнулі праграму па аказанні платных паслуг насельніцтву, шырока разгорнутую за чатыры гады да гэтага. Колькасць такіх паслуг скарацілі ўдвая, прыватнікам цалкам аддалі платнае родадапамаганне і аборты, а таксама высокаспецыялізаваныя віды дыягностыкі. Цікава, што агучваў гэтыя рашэнні старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Піневіч. Праз 15 гадоў ён ужо ў якасці міністра будзе займацца прама супрацьлеглым.
Ды і ідэя забароны сумяшчэння ў выніку не была рэалізавана. Наадварот, нават галоўным урачам у 2006-м дазволілі працаваць па сумяшчальніцтве.
Гэта не азначае, што ўсе цяжкасці прыватных медцэнтраў скончыліся. Напрыклад, права выдаваць лісткі непрацаздольнасці ім далі толькі ў лютым 2016 года. Але галоўнае, што сама ідэя прыватнай медыцыны як важнага сегмента сферы аховы здароўя больш не паддавалася сумневу. Судзячы па колькасці прыёмаў, яе доля ў канцы 2010-х складала 11,5% (больш позняй статыстыкі мы не знайшлі).
Перадзел рынку
Сітуацыя кардынальна змянілася літаральна некалькі гадоў таму.
У 2021-м пацыентаў пачала прымаць прыватная клініка «Мерси». Як пазней усталяваў Беларускі расследавальны цэнтр, яе ўладальнікі былі звязаныя з «тутунёвым каралём» Аляксеям Олексіным, вядомым па ролі «кашалька» Лукашэнкі, і сям’ёй старэйшага сына апошняга, Віктара Лукашэнкі.
Прайшло зусім няшмат часу, і ў канцы сакавіка 2022 года па краіне пракацілася хваля масавых затрыманняў траўматолагаў і артапедаў. Усяго тады затрымалі некалькі дзесяткаў медыкаў, якіх абвінавачвалі ў атрыманні хабараў ад замежных кампаній-пастаўшчыкоў за закуп і ўстаноўку імпартных пратэзаў. Пасля гэтай «справы» ў дзяржаўных бальніцах пачалі прапаноўваць толькі айчынныя суставы.
А вось «Мерси» аказалася адзінай клінікай у краіне, у якой працягнулі ставіць імпартныя, больш якасныя сустаўныя пратэзы. Пры гэтым такія аперацыі тут пачалі каштаваць ад 6,5 да 8 тысяч долараў — супраць 3–4 тысяч, якія раней бралі ў дзяржклініках.
Затым у маі 2022-га пачалася атака на прыватныя медцэнтры. Па выніках праверак Мінздароўя, Дэпартамента фінансавых расследаванняў і іншых органаў у дзесяці медцэнтраў было прыпынена дзеянне ліцэнзій на медыцынскую дзейнасць — уключаючы «Лодэ», «Нордин», «Клинику А1», «Кравиру».
Прычынай называліся розныя парушэнні. Напрыклад, у «Нордине» нібыта выяўлілі парушэнні пры правядзенні артапедычных умяшанняў і факты ўхілення ад уплаты падаткаў. У іншых клініках знаходзілі лекі з мінулым тэрмінам прыдатнасці, абсталяванне без дагавора на абслугоўванне і рамонт, парушэнні ў сферы санітарыі і эпідэміялогіі, неякаснае вядзенне дакументацыі і г. д. Хаця, як адзначаў вядомы траўматолаг-артапед Рустам Айзатулін, гэтыя парушэнні можна выявіць амаль у любой медустанове краіны, уключаючы звычайныя дзяржаўныя бальніцы і паліклінікі.
З гэтых дзесяці медцэнтраў сем пасля некалькіх месяцаў вымушанага прастою змаглі вярнуць свае ліцэнзіі і аднавіць працу. Але трыма кампаніям давялося закрыцца назаўсёды: «Клиника А1», «Доктор Немо», «Внуки Гиппократа».
У студзені 2023-га чарга праверак дайшла да «Нового зрения». У чэрвені ў сеткі клінік забралі ліцэнзію. Кампанію абвінавацілі ў тым, што ў Мінздароўе нібыта былі прадстаўлены падложныя дакументы «з недакладнымі звесткамі пра адказных асоб, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве», а таксама «пра памяшканні і медыцынскія вырабы, якія былі аформлены на юрасобу да яе стварэння і рэгістрацыі».
Заснавальнік «Нового зрения» Алег Каврыгін меркаваў, што кіраўнікоў «Нордина» і «Лодэ» прымусілі адкупіцца, каб мець права працягнуць працу. Сам ён, нягледзячы на намёкі, ісці на саступкі адмовіўся і страціў сваё дзецішча, якое было істотнай часткай яго бізнесу. Сам Каврыгін яшчэ з 2010 года жыў у Вільні, дзе таксама адкрыў сваю клініку (пераехаў пасля таго, як яго абвінавацілі ў кантрабандзе абсталявання, але пазней крымінальную справу спынілі).
Называюць розныя версіі прычын гэтай атакі ўладаў на прыватную медыцыну. Напрыклад, помста медыкам, якія пасля 2020-га звольніліся з дзяржбальніц і якіх ахвотна бралі на працу ў прыватныя медцэнтры, або ж самім установам, бо некаторыя з іх бясплатна абслугоўвалі людзей, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў. Іншая версія — што ўлады зноў хацелі прыбраць канкурэнтаў дзяржклінік у сферы платных паслуг, каб павялічыць паступленні ў бюджэт. На карысць апошняга кажа і прынятае неўзабаве, вясной 2023-га, рашэнне Мінздароўя пра забарону ўсім прыватным аптэкам плошчай да 60 кв. м (а гэта большасць прыватных аптэк Беларусі) прадаваць рэцэптурныя лекі. Інакш як перадзелам рынку тое, што адбылося ў 2022—2023 гадах, не назавеш.