Прадстаўнік Пуціна: Расійская эканоміка рызыкуе «выйсці з-пад кантролю»
3- 1.09.2026, 21:50
- 9,322
Барыс Цітоў публічна папярэдзіў дыктатара РФ.
Барыс Цітоў, прадстаўнік расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна па пытаннях міжнароднага развіцця, заявіў, што эканоміка РФ рызыкуе «выйсці з-пад кантролю», калі кіраванне ёю будзе цалкам засяроджана на патрэбах вайскова-прамысловага комплексу.
Аб гэтым ён заявіў у аўторак, 1 верасня, паведамляе агенцтва Reuters.
Як адзначаюць журналісты, гэтыя каментарыі сталі рэдкім праяўленнем занепакоенасці ў крамлёўскіх колах наконт нарастаючага ціску на эканоміку, якая запавольваецца.
Цітоў, прызначаны ў 2024 годзе спецыяльным прадстаўніком Пуціна ў міжнародных арганізацыях па пытаннях дасягнення мэт устойлівага развіцця, — заможны бізнесмен, якому раней належаў вядучы расійскі вытворца іскрыстых вінаў. Ён узначальваў уплывовае бізнес-лобі і балатаваўся на пасаду прэзідэнта ў 2018 годзе.
«Ваенная і грамадзянская эканомікі паўсюль заўсёды існавалі ў сімбіёзе. Шматлікія тэхнічныя вынаходствы, карысныя для ўсіх, з'явіліся ў вайскова-прамысловым комплексе. Ключ да поспеху — у захаванні балансу», — сказаў Цітоў.
Расія павысіла падаткі, пачала пераразмеркаванне ўласнасці, вітала ўнёскі бізнесу на фінансаванне вайны, а нядаўна яшчэ і пагразіла ўладальнікам бізнесу, якія не зрабілі дастатковых намаганняў для абароны сваіх аб'ектаў ад украінскіх беспілотнікаў.
Як піша Reuters, прыхільнікі вайны і некаторыя ўрадавыя чыноўнікі часта спасылаюцца на рэарганізацыю савецкай эканомікі пры дыктатары Іосіфе Сталіне падчас Другой сусветнай вайны як на ўзор, цытуючы лозунг таго часу: «Усё для фронту, усё для перамогі».
Гэты падыход сустракае асцярожны, але нарастаючы супраціў з боку розных сектараў, адзначаюць журналісты.
«Гэта наогул не эканоміка, гэта свайго кшталту „рэжым берсерка“, які можа існаваць толькі вельмі абмежаваны час, і неабходнасць якога варта вельмі ўважліва ўзважыць», — сказаў Цітоў.