У другім за суткі расійскім горадзе адбыўся пажар на буйной электрападстанцыі
1- 19.08.2026, 17:27
На гэты раз у Чабаксарах.
У сталіцы Чувашыі Чабаксарах удзень у сераду адбыўся пажар на буйной электрападстанцыі на праспекце Якаўлева, паведаміў кіраўнік горада Станіслаў Трафімаў. Кадры з месца пажару з'явіліся ў сацсетках. Судзячы па фота і відэа ад мясцовых жыхароў, над падстанцыяй узняўся вялікі слуп чорнага дыму, які было відаць з розных раёнаў горада. Гарадскія паблікі са спасылкай на відавочцаў пішуць, што перад пажарам на размешчанай каля гандлёвага комплексу «МТВ-цэнтр» падстанцыі жыхары Новаюжнага раёна «чулі гук выбуху», а затым па ўсім горадзе «міргнула электрычнасць», паведамляе The Moscow Times.

«На дадзены момант пажар ліквідаваны, пацярпелых няма. Спецыялісты вядуць работы па пераключэнні сетак электразабеспячэння на рэзервовыя лініі», — напісаў Трафімаў праз гадзіну пасля першага паведамлення пра ўзгаранне. Паводле інфармацыі ад мясцовых жыхароў, у горадзе адключаліся святлафоры і знікала электрычнасць у частцы дамоў. «Сердитая Чувашия» адзначае, што падстанцыя, якая гарэла, знаходзіцца побач з заводам ВПК «ВНИИР-Прогресс», які ў чэрвені атакавалі Узброеныя сілы Украіны. Гэта ўжо другі падобны выпадак за суткі. Напярэдадні ў Маскве адбыўся пажар, меркавана, на ЦЭЦ-20 у Гагарынскім раёне. У выніку ў некалькіх раёнах адключалася электрычнасць, а акрамя таго, адбыўся маштабны збой у Рунэце.
«112» са спасылкай на відавочцаў паведамляў, што на электрападстанцыі на вуліцы Вавілава адбыўся выбух. Гэтая інфармацыя пакуль не пацверджана. У камплексе гарадской гаспадаркі Масквы блекаут звязалі з «тэхналагічным пераключэннем крыніц энергазабеспячэння».
Крыніца РБК пацвярджаў аварыю ў Гагарынскім раёне і тлумачыў, што яна паўплывала на працу Маскоўскай міжгародняй тэлефоннай станцыі № 9 (ММТС-9), якая была часткова абясточаная. Праз гэты вузел праходзіць значная частка расійскага інтэрнэт-трафіку.