Расследавальнікі распавялі пра раскошны лад жыцця асабістага лекара Лукашэнкі
4- 19.08.2026, 13:49
- 2,774
Аўто за $60 тысяч, люксовыя сумкі і адпачынак у ЕС.
Асабісты лекар Аляксандра Лукашэнкі Алена Казак ужо многія гады ўваходзіць у яго бліжэйшае атачэнне. Паводле даных незалежных СМІ, у 2020 годзе яна разам з Дзмітрыем Баскавым і Наталляй Эйсмант раз'язджала па мінскіх дварах, зразаючы бела-чырвоныя стужкі, а яе тэлефонны нумар фіксаваўся на «Плошчы Перамен» у дзень гібелі Рамана Бандарэнкі.
У сацсетках Казак рэгулярна крытыкуе «гнілыя заходнія каштоўнасці»: «Я не хачу, каб навязаныя з Захаду думкі туманілі галаву майму народу. Я хачу, каб людзі нарэшце ўключылі мазгі і пачалі цаніць тое, што яны маюць!» Аднак сама яна, як высветлілі журналісты-расследавальнікі «Бюро», вядзе далёка не аскетычны лад жыцця — у тым ліку падчас паездак па краінах Еўрасаюза.
У Беларусі Казак перасоўваецца на прэміяльным BMW X5 у кузаве G05 — аўтамабілі коштам каля 60 тысяч долараў. У рэстаране Bergamo яе заўважылі ў сукенцы аўстралійскага люксавага брэнда Zimmermann коштам каля тысячы еўра, дапоўненай залатым бранзалетам Van Cleef & Arpels з перламутрам коштам 5,3 тысячы еўра.
На фота з гульні ў гольф лекар Лукашэнкі апранута ў сціплы спартыўны касцюм, затое аксэсуары выдаюць звычкі: пярсцёнак і завушніцы Cartier — разам амаль на 8 тысяч еўра, а на запясці — гадзіннік, падобны да мадэлі Panthère de Cartier коштам каля 33 тысяч еўра. На іншым здымку журналісты разгледзелі ў яе гадзіннік, які нагадвае Royal Oak ад швейцарскага брэнда Audemars Piguet — яшчэ 27,5 тысячы еўра.



Дарогія рэчы суправаджаюць Казак і ў замежных паездках. Так, у жніўні 2026-га ў Канах на Лазурным беразе на ёй заўважылі сумку Hermès Constance (каля 8,5 тысячы еўра), акуляры Cartier (1200 еўра), шлёпанцы за 635 еўра, шаўковы шалік ад Celine (490 еўра) і адразу два бранзалеты — ад Van Cleef & Arpels (7,1 тысячы еўра) і Cartier (8,1 тысячы еўра). А ў маі 2026-га яна адпачывала ў Парыжы, у чэрвені — на Мальдывах.
Акрамя прыватнай практыкі, у Казак ёсць і бізнес-інтарэсы. Як паведамлялася раней, яна стала новай уладальніцай сеткі аптэк «Лігматон», якая раней належала набліжаным да Лукашэнкі бізнесоўцам Паўлу Тапузідзісу і Віктару Пятровічу. Ёй таксама належыць фірма «Монтпарт», якая кіруе клінікай эстэтычнай медыцыны Antiage Clinic — гэты актыў Казак атрымала ад хакеіста Паўла Белага і яшчэ аднаго лекара Лукашэнкі, Святланы Коношэнка. Акрамя таго, у яе ўласнасці знаходзіцца кампанія «Амалем», што гандлюе касметалагічным абсталяваннем.


