Зяленскі прызначыў новага камандуючага Сіламі лагістыкі ЗСУ
- 17.08.2026, 21:01
- 1,340
Ён абараняе Украіну з самага пачатку вайны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў Юрыя Пагрыбнага камандуючым Сіламі лагістыкі ЗСУ.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на адпаведны ўказ кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
«Прызначыць Пагрыбнага Юрыя Іванавіча камандуючым Сіламі лагістыкі Узброеных Сіл Украіны», — сказана ва ўказе.
Іншым указам прэзідэнт звольніў Уладзіміра Карпенку з пасады камандуючага Сіламі лагістыкі.
Юрыю Пагрыбнаму 41 год. Ён родам з Сумскай вобласці.
У 2007 годзе скончыў Сумскі ваенны інстытут ракетных войскаў і артылерыі імя Багдана Хмяльніцкага.
Вайсковую службу пачаў у 55-й асобнай артылерыйскай брыгадзе, дзе прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да намесніка камандзіра дывізіёна. У 2014 годзе Пагрыбны сустрэў пачатак вайны ў складзе гэтай жа брыгады, якая ўдзельнічала ў вызваленні Славянска, Краматорска, Лімана і іншых населеных пунктаў на ўсходзе Украіны.
У 2020 годзе Пагрыбны ўзначаліў 532-і асобны рамонтна-аднаўленчы полк, які забяспечваў Харкаўскі, Данецкі і Запарожскі накірункі.
У 2024 годзе ён атрымаў аператыўна-стратэгічную адукацыю ў Нацыянальным універсітэце абароны Украіны, пасля чаго стаў начальнікам узбраення аператыўнага камандавання «Схід».
Пазней Пагрыбны пачаў выконваць абавязкі камандуючага Сіламі лагістыкі ЗСУ.
Сілы лагістыкі адказваюць, у прыватнасці, за забеспячэнне войскаў узбраеннем, боепрыпасамі, тэхнікай, палівам і прадуктамі харчавання, а таксама за рамонт ваеннай тэхнікі.