Турцыя здасць расійскія С-400 на металалом
15- 17.08.2026, 19:39
- 19,360
Анкара не змагла знайсці пакупнікоў.
Перамовы Турцыі з ААЭ аб продажы ім расійскіх зенітна-ракетных комплексаў С-400 зайшлі ў тупік, піша амерыканскае выданне Semafor. З-за гэтага сенатары ЗША, якія патрабуюць адмовіцца ад іх, не даюць дазволу на продаж Анкары стэлс-самалётаў F-35. Калі Турцыя не зможа прадаць С-400 Эміратам або вывесці іх з ладу, як яна ўжо прапаноўвала, застаецца яшчэ адзін варыянт — знішчыць комплексы. «Ёсць некалькі варыянтаў вырашэння гэтай праблемы, і я думаю, што туркі хочуць яе вырашыць», — заявіў Semafor амерыканскі чыноўнік.
Пра перамовы Анкары з Абу-Дабі стала вядома больш за месяц таму, тады Турцыя запытала ў Расіі дазвол на продаж комплексаў. Але абмеркаванне, відаць, застопарылася, сказалі Semafor людзі, знаёмыя з ходам перамоў. Чаму менавіта — невядома, але адна з прычын у тым, што ў ААЭ, якія таксама хочуць набыць F-35, таксама не хочуць звязвацца з расійскай зброяй. «Любая краіна, якая набудзе С-400 і разгорне гэтую сістэму, сутыкнецца з тымі ж асцярогамі, праблемамі і абмежаваннямі, з якімі сутыкнуліся туркі», — заявіў сенатар-дэмакрат Крыс Кунс.
Пакуль у Турцыі ёсць С-400, яна не зможа атрымаць F-35, заявіў выданню сенатар-рэспубліканец Рык Скот. Дадаўшы, што ён даволі часта кантактуе з адміністрацыяй Дональда Трампа, Скот адзначыў, што «нічога не чуў» ад яе пра далейшыя крокі.
Трамп, прыляцеўшы на пачатку ліпеня на саміт НАТА ў Анкару, даў зразумець, што дазволіць Турцыі набыць у ЗША знішчальнікі F-35, і паабяцаў зняць з яе санкцыі, уведзеныя ў сувязі з пакупкай ёю расійскіх С-400. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў мінулымі выхаднымі Al Jazeera: «Мы чакаем, што Трамп выканае дадзенае ім абяцанне адносна знішчальнікаў F-35».
Але старшыня сенатскага камітэта па міжнародных адносінах Джым Рыш сказаў Semafor: «На дадзены момант яны не пазбавіліся ад С-400, таму справа зайшла ў тупік». Турцыя раней таксама прапаноўвала вывесці комплексы з ладу, але гэты крок задавальняе не ўсіх сенатараў, якія настойваюць на неабходнасці цалкам ад іх пазбавіцца.