Тупік для Пуціна хутка набліжаецца
- Аббас Галлямаў
- 15.08.2026, 9:59
- 2,250
Расійскім элітам пара абмежаваць ватажка.
Тэкст для расійскіх эліт.
Пуціну было мала праблем на заходніх межах краіны, таму пазаўчора ён паехаў напружваць сітуацыю на Усходзе. Тое, што расійскі прэзідэнт рабіў на Курылах, інакш як правакацыяй у дачыненні да Японіі не назавеш.
Нежаданне «кіраўніка дзяржавы» зніжаць градус супрацьстаяння з навакольным светам і імклівы рух эканомікі Расіі ў бок калапсу стварылі прынцыпова новую — раней нябачаную — сітуацыю, калі айчынныя эліты ўжо не могуць даверыць Пуціну выбар курсу, якім павінна ісці РФ. Ён відавочна ставіць свае эмоцыі вышэй за інтарэсы сістэмы, падвяргаючы апошнюю непатрэбным рызыкам.
Праблема для расійскага істэблішменту заключаецца ўжо не ў тым, падабаецца яму Пуцін ці не. Пытанне ў іншым: ці можна і далей дазваляць аднаму чалавеку прымаць адзінаасобныя рашэнні, калі ён робіць крокі, якія пагражаюць крушэннем усёй уладнай канструкцыі?
Раней пуцінская манаполія на ўладу забяспечвала элітам стабільнасць. Цяпер яна ператвараецца ў галоўную крыніцу рызык.
Ад персаналісцкай аўтакратыі сістэме трэба рухацца ў накірунку калегіяльнага кіравання. У якасці прыкладу можна ўзяць Кітай. Гэта не складана — у шэрагах расійскіх «патрыётаў» наогул прынята захапляцца ўсходнім суседам і трымаць яго за ўзор. Асаблівасцю ж кітайскай мадэлі, як вядома, з'яўляецца фактычна аднапартыйны рэжым, адсутнасць прамых выбараў вышэйшага кіраўніцтва і калегіяльнасць. Апошняя, праўда, пры Сі Цзіньпіне падвяргаецца сур'ёзнай эрозіі, але менавіта таму і вядзе да зніжэння якасці кіравання, росту рэпрэсіўнасці і нарастання колькасці эканамічных праблем — то бок робіць перавагі калектывізму яшчэ больш відавочнымі.
Уласна, кітайскае калектыўнае кіраўніцтва якраз і ўзнікла, каб пазбягаць вышэйапісаных праблем. Пасля смерці Мао яго пераемнікі прыйшлі да высновы, што краіне больш нельга залежаць ад псіхічнага і фізічнага стану аднаго чалавека. Дэн Сяапін бачыў крыніцу катастроф «Вялікага скачка» і «Культурнай рэвалюцыі» не толькі ў асобе Мао, але і ў самой ідэі празмернай канцэнтрацыі ўлады. Таму сістэму пачалі перабудоўваць так, каб першая асоба заставалася першай — але перастала быць адзінай. Менавіта гэты адыход ад персаналізму ў бок калегіяльнасці дазволіў запусціць махавік росту, які ператварыў Кітай з адсталага ўбогага пудзіла, якім ён быў пры Мао, у тое, што мы бачым сёння.
У рамках курсу на «ўмацаванне адзінства краіны» расійскія ўлады маглі б абвясціць пра зліццё ўсіх «патрыятычных партый» у адзіную агульнанацыянальную партыйную арганізацыю і стварэнне яе Палітбюро — афіцыйнага, а не ценявога, як цяпер.
Іншым членам гэтай структуры трэба будзе паспрабаваць ураўнаважыць Пуціна. Вядома, ён застанецца першым сярод роўных, але павінен перастаць быць адзіным бясспрэчным гаспадаром краіны. Прынцыповыя рашэнні павінны прымацца калектыўна — літаральна праз афіцыйнае галасаванне ўсіх членаў. Няхай у Пуціна будзе два галасы замест аднаго, але і ў астатніх галасы павінны быць.
Кіраўнік дзяржавы не спраўляецца з адзінаасобным кіраваннем, астатнія павінны падставіць яму свае плечы. Мне здаецца, што ў нейкі момант ён пагодзіцца. Тупік набліжаецца і неўзабаве ён гэта канчаткова зразумее. Сысці ад улады — гэта занадта радыкальна, а вось перакласці частку адказнасці за развіццё сітуацыі на іншых — гэта выхад. Пуцін не можа спыніць вайну сам, значыць у краіне павінна ўзнікнуць сітуацыя, калі гэта зробяць іншыя…
Калі дзеючы суб'ект не спраўляецца з вырашэннем задачы, павінен узнікнуць новы суб'ект.
Пуціну пара перастаць быць лідарам АЗГ, прыйшоў час станавіцца палітыкам. Інакш палітыка яму адпомсціць.
Калектыўнасць — гэта механізм выпраўлення ўжо зробленых памылак, а таксама спосаб пазбегнуць новых. Менавіта так да яе і трэба ставіцца.
Аббас Галлямаў, «Фэйсбук»