Беларускія жанчыны адказалі на словы Лукашэнкі пра дэмаграфію
22- 13.08.2026, 19:20
- 19,772
Гарачая дыскусія ў сацсетках.
Лукашэнка запатрабаваў ад урада «ажывіць дэмаграфічныя працэсы». 11 жніўня ён выказаў незадаволенасць, што жанчыны ў Беларусі мала нараджаюць.
Беларускія жанчыны адказалі на словы дыктатара. Дыскусію запусціў пост у Threads карыстальніцы з нікам arvash: «Усе абмяркоўваюць нараджальнасць і памер дапамог у РБ, але чамусьці ніхто не прапанаваў жанчын-домашніх гаспадынь выключыць са спісу дармаедаў? Як жанчына павінна нараджаць мінімум трох дзяцей, весці побыт, выхоўваць дзяцей і яшчэ працаваць?»
Пост выклікаў шырокі водгук — іншыя беларускія жанчыны пачалі дзяліцца ўласным досведам. Адна з карыстальніц распавяла, што пасля другога дэкрэтнага адпачынку, калі яе дзецям было 3 і 5 гадоў, яе выклікалі на камісію — даказваць, што яна «дармаедка», бо на той момант яна не выйшла на працу і займалася дзецьмі. Паводле яе слоў, знаёмую ў аналагічнай сітуацыі так запалохалі, што тая ўладкавалася працаваць у дастаўку.
«Вельмі «прыемнае» стаўленне да жанчын, якія нарадзілі і гадуюць дзяцей. Яшчэ і хочуць, каб жанчына на бальнічны не хадзіла і працавала па 12 гадзін!!! І нікога не хвалюе, што большасць бабуль і дзядуль працуе, і дзяцей глядзець няма каму», — напісала яна.
Яшчэ адна беларуска піша, што спісы «дармаедаў» у прынцыпе варта скасаваць, бо праца — гэта права, а не абавязак: калі муж здольны ўтрымліваць жонку, дзяржаве няма падстаў патрабаваць за гэта даплату. Асобна яна прапанавала ўнесці законапраект, які абавязваў бы мужчын несці роўную адказнасць за ўсіх сваіх дзяцей ад усіх партнёрак — цяперашніх, былых і ўсіх астатніх.
Яшчэ адна карыстальніца згадзілася, што цяперашняя сістэма — прыніжэнне для маці: «Гэта прыніжэнне для жанчыны, якая мае дзяцей, ездзіць на камісіі, вазіць даведкі, пісаць тлумачальныя, чаму ты не можаш працаваць. Чаму не працаваць і займацца сваім дзіцем, мець магчымасць вазіць яго на гурткі і секцыі не ўвечары, а сярод дня ў нас лічыцца злачынствам? Чаму з сям'і павінны сыходзіць грошы на аплату павышаных камунальных плацяжоў, каб аплаціць права жанчыны выхоўваць сваіх дзяцей, хай нават і аднаго?»