СМІ: Асабісты лекар Лукашэнкі стала ўладальніцай сеткі аптэк
13- 13.08.2026, 15:27
- 11,148
Яе тэлефон засвяціўся на «Плошчы Перамен» у дзень гібелі Рамана Бандарэнкі.
Асабісты лекар Аляксандра Лукашэнкі Алена Казак будуе сваю бізнес-імперыю ў сферы медыцыны. Медык стала ўладальніцай сеткі аптэк у Беларусі, піша «Бюро».
Нагадаем, у 2020 годзе яе пазналі сярод тых, хто зразаў БЧБ-стужкі ў кампаніі Дзмітрыя Баскава і іншых у мінскіх дварах 11 лістапада 2020 года. Яе тэлефон засвяціўся на «Плошчы Перамен» у дзень смерці Рамана Бандарэнкі.

Як даведалася «Бюро», у жніўні 2024 года кампанія «Лігматон», якой раней валодалі Георгій Топузідыс і яго маці Галіна Пятровіч, была перааформленая на Алену Казак. Дзякуючы «Кіберпартызанам» журналісты змаглі высветліць, што асабісты лекар Лукашэнкі была працаўладкаваная ў кампаніі з ліпеня 2024 года.
Георгій Топузідыс — сын буйнага беларускага бізнесмена і «кашалька» Лукашэнкі Паўла Топузідыса.
Павел Топузідыс разам са сваім бізнес-партнёрам Віктарам Пятровічам кантралюе «Табак-інвест», развівае сетку гандлёвых цэнтраў і гіпермаркетаў «Карона», а таксама звязаны з тытунёвай вытворчасцю і іншымі буйнымі бізнес-актывамі ў Беларусі.
Першапачаткова новая ўладальніца была ўказаная ў звестках кампаніі як Алена Уладзіміраўна Казак. Мы не ведаем, было гэта зроблена наўмысна ці па памылцы, аднак пазней імя па бацьку змянілі. Недзе ў перыяд паміж лютым 2025 года і жніўнем 2026 года Алена Казак ператварылася з Уладзіміраўны ў Георгіеўну. Пры гэтым запіс аб структурных зменах кампаніі не ўносіўся, а, судзячы па актуальнай выпісцы, менавіта асабісты лекар Лукашэнкі валодае аптэкамі «Лігматон» з жніўня 2024 года. Дырэктаркай фірмы, як і раней, засталася Галіна Пятровіч, маці Георгія Топузідыса.
Кампанія «Лігматон» валодае сеткай аптэк па ўсёй Беларусі, а таксама ўдзельнічае ў дзяржаўных тэндэрах на пастаўку розных лекаў. Выручка кампаніі ў 2025 годзе склала 83,6 мільёна рублёў, а чысты прыбытак — 2,79 мільёна.
Раней «Бюро» даведалася, што яшчэ адна фаварытка Аляксандра Лукашэнкі звязаная з кампаніяй «Лігматон». З ліпеня 2024 года Марыя Васілевіч, былая «дэпутатка», лічыцца там вядучай спецыялісткай па камерцыйнай дзейнасці.
Хто такая Алена Казак?
Лекар-рэаніматолаг Алена Казак суправаджае Лукашэнку ў паездках з 2016 года. Як паведамляла раней «Бюро», паводле дакументаў ствараецца ўражанне, што робіць яна гэта як валанцёрка. Так, паводле даных ФСЗН, Казак значылася ў РНПЦ «Кардыялогія» ў 2014—2019 гадах, і ў 2019-м яе сярэдняя заработная плата, з якой яна плаціла падаткі, складала ўсяго каля 110 рублёў, або 52 долары. А ў 2020—2021 гадах яна нібыта наогул нічога не зарабляла і, адпаведна, не рабіла падатковых адлічэнняў.
У цэнтры ўвагі СМІ Алена Казак апынулася ў 2020 годзе. Тады яе неаднаразова заўважалі ў кампаніі найбліжэйшага асяроддзя Лукашэнкі — Наталлі Эйсмонт і Дзмітрыя Баскава. Яны разам ездзілі з рэйдамі па дварах і зразалі бела-чырвона-белыя стужкі.
Алену Казак пазналі сярод тых, хто зразаў БЧБ-стужкі ў кампаніі Дзмітрыя Баскава і іншых у мінскіх дварах 11 лістапада 2020 года. Нагадаем, у той вечар невядомыя людзі, якія прыехалі ў чужы двор зразаць бела-чырвона-белыя стужкі, схапілі 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Пазней родныя знайшлі хлопца ў бальніцы, дзе ён, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр ад цяжкіх траўмаў. Сама Казак у размове з журналістам тады сказала, што «нідзе не была». Аднак яе тэлефон засвяціўся на «Плошчы Перамен» у дзень забойства Рамана Бандарэнкі.

У 2022-м Казак перайшла ў 6-ю клінічную бальніцу, і ў яе з’явілася штомесячная афіцыйная заработная плата — у сярэднім 500–600 рублёў, або каля 200 долараў. Напрыканцы 2023 года праект Motolko.help паведамляў, што Алена Казак суправаджала Лукашэнку на кліматычным саміце ў Дубаі.
Напрыканцы 2023 года рэаніматолаг Лукашэнкі падалася ў бізнес і заняла пасаду кіраўніцы цэнтра прыгажосці і здароўя «Айрыс». Ён належыць ТАА «Монтпарт», і да Алены Казак дырэктаркай арганізацыі была родная сястра іншага асабістага лекара Лукашэнкі — Святланы Конашэнка — Наталля Кізік.
У сакавіку 2024 года ўжо бізнесвумен Алену Казак заўважылі побач з Лукашэнкам падчас яго наведвання ў Мінску дабрачыннага фестывалю «Аліна-2024». Восенню Казак у кампаніі Эйсмонт і Баскава праводзіла ў космас з Байканура Марыну Васілеўскую.