У Пуціна з'явіўся цалкам некантраляваны «саюзнік»
6- 13.08.2026, 8:19
- 12,804
У Newsweek раскрылі падрабязнасці.
Расія набыла нечаканага «саюзніка» ў сваёй вайне супраць Украіны — спякотнае і засушлівае надвор'е ў Еўропе. Пра гэта піша Newsweek.
Выданне адзначае, што пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі Дунай стаў адным з ключавых альтэрнатыўных маршрутаў для ўкраінскага экспарту зерня, калі Чорнае мора стала небяспечным. Аднак гэтым летам сітуацыя змянілася: у Румыніі з-за паніжэння ўзроўню вады судаходства і вытворчасць электраэнергіі сутыкнуліся з сур'ёзнымі перабоямі.
У той жа час Расія ўзмацніла атакі на ўкраінскія парты ў наваколлі Адэсы. Паводле звестак, прыведзеных у публікацыі, толькі ў ліпені было зафіксавана 35 атак на судны ў партах, 22 атакі на судны ў моры і 67 удараў па партавой інфраструктуры. 9 жніўня расійскія войскі таксама нанеслі ўдар па мосце каля Маякоў, які злучае Адэскую вобласць з напрамкамі на Малдову і Румынію. У Інстытуце вывучэння вайны выказалі меркаванне, што мэтай удару было парушэнне сухапутнага маршруту, які выкарыстоўваецца з-за праблем з марскім экспартам.
Раней Украіна ўжо неаднаразова стварала рэзервовыя маршруты. Пасля блакавання чарнаморскіх партоў зерне пачалі перавозіць чыгункай, аўтатранспартам, на баржах і праз дунайскія парты Ізмаіл і Рэні. Аднак, як распавядае аўтар, цяперашняя сітуацыя дэманструе слабасць такой сістэмы: альтэрнатыўныя шляхі таксама залежаць ад умоў надвор'я і могуць адначасова апынуцца пад расійскімі ўдарамі.
Гэтую праблему, паводле слоў аўтара публікацыі, фактычна прызнаюць і ў Расіі. 10 жніўня кіраўнік Цэнтра міжнароднага аграбізнесу і харчовай бяспекі пры Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі Анатоль Ціханаў апублікаваў артыкул праз дзяржаўнае агенцтва ТАСС. Ён прагназуе рост попыту Еўропы на ўкраінскае зерне, адначасова дапускаючы скарачэнне экспартных магчымасцяў Украіны. У такой сітуацыі, піша выданне, Расія імкнецца выкарыстаць дэфіцыт харчавання ў сваіх інтарэсах. «Расія, паводле яго слоў, „павінна скарыстацца момантам“».
Падобная залежнасць праяўляецца і ў энергетыцы. Расійскія атакі знішчылі значную частку ўкраінскіх генерацыйных магутнасцяў, з-за чаго краіна была вымушаная павялічыць імпарт электраэнергіі з Еўропы. Але і еўрапейская энергасістэма залежыць ад водных рэсурсаў. Вугорская АЭС «Пакш» з-за нізкага ўзроўню Дуная была вымушаная істотна скараціць магутнасць, а Румынія сутыкнулася з аналагічнай праблемай на АЭС «Чэрнаводэ». 11 жніўня аператар Nuclearelectrica папярэдзіў, што краіна можа быць вымушаная спыніць апошні працуючы рэактар.
Засуха таксама правакауе пажары і праблемы з вадой у самой Украіне. У 2024 годзе ў краіне згарэла каля 965 тысяч гектараў — больш як удвая больш, чым на ўсёй тэрыторыі Еўрасаюза. Спякота і засуха ўзмацняюць наступствы пажараў, якія ўзнікаюць з-за абстрэлаў, тады як міны і разбураная інфраструктура ўскладняюць працу выратавальнікаў.
«Расія гадамі спрабавала паменшыць дапушчальную для Украіны колькасць праблем. Больш гарачая, сухая і выбухованебяспечная Еўропа можа яшчэ больш іх паменшыць. Пуцін не можа кантраляваць гэтыя сілы, але ён усё яшчэ можа атрымаць з гэтага выгаду», — гаворыцца ў публікацыі.