Стала вядома імя выканаўцы і новыя падрабязнасці замаху на камандзіра «Хартыі»
9- 1.08.2026, 13:13
- 14,936
Фота: facebook.com khartiiacorps
Выканаўца не даслаў патрон, а куратар праз навушнік патрабаваў страляць.
Выканаўца нападу на камандзіра брыгады «Хартыя» Ігара Абаленскага у Харкаве дзейнічаў па ўказанні расійскіх спецслужбаў і ў момант спробы замаху знаходзіўся на сувязі з куратарам.
Пра гэта распавёў журналіст, вайсковец «Хартыі» Юрый Бутусаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Па словах журналіста, нападнікам аказаўся 69-гадовы жыхар Харкава Генадзь Парфянюк, які раней служыў у сілавых структурах і ўмеў абыходзіцца са зброяй. У сувязі з гэтым ён не праходзіў ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі да выканання замаху.
Бутусаў таксама адзначыў, што за перамяшчэннямі Абаленскага сачыў яшчэ адзін удзельнік групы, які паведаміў выканаўцу месца з’яўлення камандзіра.
Парфянюк падышоў да Абаленскага і яго ахоўніка ззаду, накіраваў у іх бок пісталет Макарова, аднак не змог адкрыць агонь, бо не даслаў патрон у патроннік.
Калі падазраваны паспрабаваў перазарадзіць зброю, камандзір і яго ахоўнік абяззброілі яго і ўтрымлівалі да прыбыцця праваахоўнікаў.
Падчас нападу Парфянюк падтрымліваў сувязь з куратарам праз навушнік. У момант затрымання прысутныя чулі голас суразмоўцы, які патрабаваў ад нападніка страляць. «Страляй па ім, працуй!» — крычаў куратар.
Бутусаў дадаў, што выканаўца быў завербаваны расійскімі спецслужбамі на пачатку ліпеня. У межах расследавання супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны затрымалі яшчэ некалькіх расійскіх агентаў з гэтай групы.
Па словах журналіста, пасля затрымання Парфянюк заяўляў, быццам ён думаў, што выконвае заданне супрацоўнікаў СБУ па нападзе на «расійскага агента». Бутусаў паставіў пад сумнеў праўдзівасць гэтых слоў.
«Атрымаў ад іншага агента пісталет Макарова з адным магазінам патронаў і задачу — падысці ўпрытык і зрабіць некалькі стрэлаў па чалавеку, якога ён не ведае і на каго яму на месцы мусяць указаць «куратары». Вось так проста — незнаёмыя людзі тэлефануюць, перадаюць пісталет, ідзеш у цэнтр і ціснеш на кручок», — напісаў журналіст.