Важны сігнал ад Лукашэнкі
14- 9.07.2026, 12:19
- 29,180
Пра што гаворыць вяртанне ў строй Надзеі Коткавец.
8 ліпеня кіраўнік Беларусі правёў чарговыя кадравыя перастаноўкі. Напутныя словы Лукашэнкі, што прагучалі пры гэтым, чарговы раз прымушаюць задумацца пра даўжыню лаўкі запасных у камандзе VIP-чыноўнікаў, піша «Салідарнасць».
Так, інспектарам па Магілёўскай вобласці прызначаная Надзея Коткавец, якая фактычна сышла з уладных кабінетаў амаль дзесяць гадоў таму.
— Надзея Мікалаеўна, я вас даўно ведаю. Вы актыўны чалавек. Напэўна, больш вопытнага за гэтым сталом няма. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі вы і далей будзеце такім актыўным чалавекам. Як бачыце, заседзецца дзесьці на месцы я вам не даў. Адпачылі крыху — і наперад, — прывітаў Лукашэнка чыноўніцу, з якой асабіста знаёмы яшчэ з часоў кіраўніцтва ў саўгасе «Гарадзец».
На яго думку, Коткавец добра знаёмая з Магілёўскай вобласцю, што і робіць выбар на яе карысць лагічным. Пры гэтым застаецца пытанне: а чым не дагадзіў папярэдні памочнік — ураджэнец Бабруйска Сяргей Налівайка, які 15 гадоў адпрацаваў на высокіх пасадах на Магілёўшчыне?
Ад Юрыя Валеватага, прызначанага інспектарам па Гомельскай вобласці, Лукашэнка чакае пераўтварэння рэгіёна ў падабенства Гродзеншчыны. А ўсё таму, што ён дагэтуль быў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама.
Што не так з гэтым пажаданнем кіраўніка? Справа не толькі ў тым, што адзін чыноўнік у полі не воін. І сама Гродзеншчына апошнім часам не надта радуе. Тут вам і падзеж жывёлы, і кадравы голад, пра што прызнаўся кіраўнік рэгіёна Юрый Караеў.
Мясцовыя кіраўнікі спрабуюць ратаваць сітуацыю ў дзяржсектары бесхітрасным спосабам: вешаюць на плечы мацнейшых прадпрыемстваў стратныя арганізацыі.
Чым гэта заканчваецца, красамоўна сведчыць прыклад ваўкавыскага «Беллакта», які пайшоў у мінус пасля далучэння да яго Гродзенскага кансервавага завода.
Але, відаць, на Гомельшчыне ўсё настолькі дрэнна, што для Лукашэнкі за шчасце будзе хоць бы бледная копія Гродзеншчыны.
І зусім ужо адкрытым атрымалася напуцце ад змагарца з карупцыяй з больш як 30-гадовым стажам нованазначанаму інспектару па Мінску Дзмітрыю Рэуцкаму:
— Ваша прызначэнне звязана з тым, каб вы не дазвалялі, як у народзе кажуць, каб рука руку мыла. Кадры павінны займацца сваімі пытаннямі як след. Падысці трэба прынцыпова.
Заклік Лукашэнкі «не ўроніць» Бабруйскі раён пры новым кіраўніку, мабыць, пакінем без каментару.