Як Лукашэнка блузніў у Інданезіі
38- Андрэй Бранішэўскі
- 3.07.2026, 8:27
- 26,282
Лектару таварыства «Веды» заўсёды ёсць што сказаць.
На сустрэчы з прэзідэнтам Інданезіі Правобо Субіанто Аляксандр Лукашэнка адразу вырашыў зайсці з козыраў. Каротка, хвілін на сорак, а болей і не трэба, прачытаў яму лекцыю пра гісторыка-геаграфічнае становішча. То-бок патлумачыў, дзе знаходзіцца Беларусь, і распавёў, як змагаўся за інданезійскую незалежнасць яшчэ ў 1948 годзе. Бо лектару таварыства «Веды» заўсёды ёсць што сказаць. Нават калі яму ўвогуле няма чаго сказаць.
«Я хачу падкрэсліць, што Беларусь з’яўляецца цэнтральнай дзяржавай у Еўропе», — пачаў Лукашэнка.
Далей давялося тлумачыць на пальцах. Бо гэтым разам Лукашэнку не забяспечылі ілюстрацыйным матэрыялам. Усё ж паказаць, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад, было прасцей. Але дасведчаны лектар таварыства «Веды» справіўся.
То-бок, кажа, глядзіце, тут будзе Ла-Манш, зразумела? Тут Уральскія горы, understand? Гэта ў нас называецца Еўропа. А пасярэдзіне, між Ла-Маншам і Уральскімі гарамі, Беларусь. Вось роўненька, роўненька пасярэдзіне. Тыкайце ў цэнтр — і не прамахняцеся. Бо пасярэдзіне — гэта там, дзе ў цэнтры. А дзе сярэдзіна — там Беларусь. Дык што з гэтага вынікае? Вынікае, што:
«Менавіта ў Беларусі знаходзіцца цэнтр Еўропы».
А з цэнтра да астатняй Еўропы ўжо рукой падаць. Бо гэта ж цэнтр. Трэба разумець. Таму «вы можаце з тэрыторыі Беларусі працаваць у Еўропе». А з іншай тэрыторыі вы ў Еўропе працаваць не зможаце. Бо там цэнтра няма. Жалезная лагіка.
Вось так, шырокімі мазкамі, абмаляваўшы сваё сучаснае геаграфічнае становішча, Лукашэнка вырашыў распавесці прэзідэнту Інданезіі гісторыю інданезійскай барацьбы супраць каланіяльнага ўціску. Ну, бо раптам прэзідэнт Інданезіі быў не ў курсе, як у іх там цяпер з каланіяльным уціскам. Дык Лукашэнка яму патлумачыў.
«Вы паспяхова з гэтай праблемай справіліся», — сказаў ён.
А пра тое, як Беларусь у 1948 годзе змагалася за інданезійскую незалежнасць, прэзідэнт Інданезіі дакладна не ў курсе. А Беларусь змагалася. Не горш, чым Лукашэнка цяпер змагаецца за мір ва ўсім свеце.
«Беларуская дэлегацыя з першых сесій Генеральнай Асамблеі ААН выступала катэгарычна супраць каланіяльнага ўціску Інданезіі, — сказаў Лукашэнка. — І патрабавала спынення спроб задушыць інданезійскую незалежнасць ваенным шляхам».
То-бок, калі б беларуская дэлегацыя не патрабавала ў 1948 годзе, дык інданезійскую незалежнасць задушылі б ваенным шляхам. Але беларуская дэлегацыя катэгарычна запатрабавала, таму не задушылі. Адпаведна, інданезійскі народ, атрымліваецца, павінен Аляксандру Лукашэнку да канца жыцця.
Дык што нават паміж беларускім і інданезійскім народамі можна знайсці глыбокія гістарычныя сувязі. І нават недзе закапаныя карані. Галоўнае — ведаць, дзе шукаць. Ну і, вядома, досвед лектара таварыства «Веды» ніколі лішнім не бывае. На пенсіі гэты досвед, дарэчы, таксама вельмі спатрэбіўся б. Але для гэтага трэба было ўсё ж такі разняць сінія пальцы.
Андрэй Бранішэўскі, planbmedia.io