СБУ нанесла ўдар па каардынацыйным цэнтры ФСБ, дзе маглі знаходзіцца каля 100 акупантаў
1- 20.07.2026, 15:20
- 5,108
Відэафакт.
Спецназаўцы Цэнтра спецаперацый «Альфа» СБУ нанеслі паспяховы ўдар па каардынацыйным цэнтры і месцы дыслокацыі супрацоўнікаў ФСБ РФ, якія размяшчаліся ў адным з пансіянатаў на часова акупаванай Херсоншчыне. Як паведаміла прэс-служба СБУ, паводле папярэдніх ацэнак, у каардынацыйным цэнтры ФСБ маглі знаходзіцца каля 100 расійскіх вайскоўцаў.
Таксама вынікі выведкі СБУ пацвердзілі, што на тэрыторыі аб’екта знаходзілася больш за 70 аўтамабіляў, дзейнічала ўзброеная ахова, функцыянавалі кантрольна-прапускныя пункты, былі збудаваныя інжынерныя загароды і падземныя сховішчы.
Зазначаецца, што падчас спецаперацыі па месцы дыслокацыі супрацоўнікаў ФСБ трапілі 13 беспілотнікаў СБУ. У выніку ўдару ўзнік маштабны пажар.
«СБУ працягвае выконваць пастаўленыя прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім задачы па зніжэнні ваенна-эканамічнага патэнцыялу дзяржавы-агрэсара. Такія спецаперацыі наносяць ворагу адчувальныя страты на часова акупаваных тэрыторыях, парушаюць сістэму кіравання і каардынацыі, прымушаюць расіян перакідваць дадатковыя сілы на ахову ўласных аб’ектаў і істотна ўскладняюць лагістыку і забеспячэнне падраздзяленняў ФСБ», — гаворыцца ў паведамленні.