Азаронак пра бунт узбекаў у Беларусі: Аплату ўзгаднілі загадзя
6- 15.07.2026, 20:07
- 4,184
Прапагандыст пайшоў у атаку на ўзбекаў, незадаволеных заробкам.
У канале прапагандыста Рыгора Азаронка заяўляюць, што відэа месца пражывання ўзбекскіх рабочых, якое пачало распаўсюджвацца ў сацсетках, — гэта часовае месца, дзе частка людзей начавала ўсяго адну ноч, перадае НН.
Тое, што заробак у незадаволеных узбекаў — 500 долараў, пра што казалі і яны самі, прапагандыст фактычна пацвярджае. Але, маўляў, больш ім і не абяцалі:
«Прапановы адносна наяўных у наймальнікаў вакансій, умоваў працы і пражывання, заработнай платы (нетта і брута) і г.д., безумоўна, былі накіраваныя загадзя. Так адбываецца і ў дачыненні да грамадзянаў іншых краін. На падставе гэтых звестак узбекская служба па міграцыі фармуе групу з тых, хто жадае ўладкавацца на працу па прапанаваных вакансіях.
Аплату, паўтаруся, таксама ўзгаднялі загадзя. Прапаноўвалася на рукі не менш як 500 долараў, гэта ўжо пасля ўсіх утрыманняў. Зразумела, што зарабіць можна больш, усё залежыць ад самога чалавека, які працуе», — сказаў прапагандыст.
Нагадаем, 13 ліпеня ў Віцебск прыбылі 255 грамадзян Узбекістану для працы ў Беларусі. Ім абяцалі заробкі па 900–1000 долараў, але на месцы высветлілася, што гатовыя плаціць толькі 500 долараў, пры гэтым жыллё і харчаванне трэба аплачваць самім. Узбекі абурыліся прапанаванымі ўмовамі, а некаторыя выказалі жаданне вярнуцца на радзіму.
У адказ на іх зварот Агенцтва міграцыі Узбекістану паабяцала разабрацца ў сітуацыі. У ведамстве заявілі, што вывучаюць сітуацыю на месцы разам з хакімиятам Андыжанскай вобласці. Калі высветліцца, што працадаўца парушае ўмовы дамовы або заніжае заробак, мігрантам прапануюць іншыя месцы. Пры гэтым у агенцтве падкрэслілі: паводле ўмоваў праекта, узгодненага з беларускім бокам, сярэдні заробак павінен складаць $900–$1000, а ў асобных выпадках — да $1200.