Генштаб ЗСУ паведаміў пра паражэнне «тоўстых» расійскіх мэтаў
4- 13.07.2026, 15:28
- 3,336
Танкеры, сухагрузы і ўстаноўка С-400.
Сілы абароны Украіны паразілі сем танкераў, пяць сухагрузаў, буксіры і паром у акваторыі Азоўскага мора, а таксама РЛС «Неба-У» і пускавую ўстаноўку С-400. Пра гэта ў панядзелак, 13 ліпеня, паведамілі у Генеральным штабе ЗСУ.
Як адзначылі ўкраінскія вайскоўцы, танкеры выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі расійскай нафты і нафтапрадуктаў у абыход міжнародных санкцый, а паромы забяспечваюць ваенную лагістыку і перавозку грузаў у інтарэсах расійскай арміі. Сухагрузы і буксіры забяспечваюць перавозку ваенных грузаў, тэхнікі, матэрыяльна-тэхнічных сродкаў і функцыянаванне марской лагістыкі акупантаў.
Сілы абароны паразілі радыёлакацыйную станцыю «Неба-У» і пускавую ўстаноўку зенітнага ракетнага комплексу С-400 у раёне Керчы, паведамілі ў Генштабе.
Паводле вынікаў ацэнкі наступстваў паражэння Сызранскага нафтаперапрацоўчага завода ў Самарскай вобласці РФ пацверджана пашкоджанне двух установак першаснай перапрацоўкі нафты — АВТ-5 і АВТ-6.
Раней камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Роберт Броўдзі («Мадзяр») паведаміў, што Сілы абароны паразілі дронамі 15 расійскіх суднаў у Азоўскім моры. Ноччу ўкраінскія дроны атаквалі сем танкераў, пяць сухагрузаў, паром і два буксіры. Усяго за восем сутак дроны СБС паразілі 105 суднаў краіны-агрэсара РФ у акваторыі Азоўскага мора, паведаміў «Мадзяр».
12 ліпеня «Мадзяр» паведаміў пра паражэнне 14 расійскіх суднаў за ноч: 10 танкераў і чатырох паромаў. Паводле дадзеных аналітыкаў Defense Express, у акваторыі Азоўскага мора могуць знаходзіцца каля 120 суднаў РФ, большасць з якіх — сухагрузы.
ISW пісаў, што колькасць караблёў РФ у Азоўскім моры магла скараціцца на 55% у перыяд з 30 чэрвеня па 11 ліпеня — з 267 да 120 адзінак.
Агенцтва Reuters паведамляла, што пасля ўкраінскіх атак Расія часова прыпыніла суднаходства па Данска-Азоўскім канале і праз Керчанскі праліў, які злучае Азоўскае і Чорнае моры.