Што адбываецца вакол Лукашэнкі
15- Міхаіл Фішман
- 1.07.2026, 16:08
- 29,804
Ёсць адчуванне, што мы чагосьці не разумеем.
Дэфіцыт бензіну настолькі стаў праблемай, што і Пуцін цяпер афіцыйна гэта прызнаў гэта ў інтэрв'ю Зарубіну. Кажа, што так, ёсць пэўныя цяжкасці, яны пераадольваюцца. Такую формулу ён ужывае ўжо некалькі дзён.
Сэнс сказанага Пуціным у тым, што ні на якія перамовы ён не пойдзе, яго патрабаванні не змяніліся: ён патрабуе таго ж самага і нават яшчэ крыху больш. На замарозку па лініі фронту ён не згодны, патрабуе аддаць яму Данбас, і тады, магчыма, ён яшчэ падумае, што рабіць з Херсонам і Запарожжам, але гэта яму яшчэ трэба будзе падумаць. Прыблізна такая фармулёўка.
Чым абумоўленая такая катэгарычная і ўпёртая пазіцыя — гэта добрае пытанне і, насамрэч, не такое простае, як здаецца.
З аднаго боку, мы чуем тое, што Пуцін кажа пра становішча спраў на фронце. Напярэдадні ён яшчэ раз падрабязна пра гэта гаварыў — да саміх назваў канкрэтных населеных пунктаў, тысяч дамоў, якія захоплены, колькі незахопленых дамоў. У такім набліжэнні, быццам ён літаральна там сядзіць з мікраскопам.
Пры гэтым у мяне склалася выразнае ўражанне, што, калі ён усё гэта гаварыў, менавіта пра становішча на фронце, ён проста чытаў па суфлёры. Пры тым, што гэта было інтэрв'ю, ён глядзеў не на Паўла Зарубіна, а ў экран і проста агучваў гэтую зводку. Я так гэта ўспрыняў.
І відавочна, ён верыць ва ўсю гэтую карціну, якую нам з вамі прапануе. Гэтая карціна кладзецца яму на стол у выглядзе даведак ад генералаў, якія дакладваюць, што Канстанцінаўка ўзятая на 96% (ўражлівая лічба), ці пра Купянск і г. д.
А ён яшчэ гэта ў сваёй галаве таксама перапрацоўвае і выкладае ў тым выглядзе, у якім мы гэта чуем. У яго ўнутры сапсаваны тэлефон на сваю карысць, бо ён хоча ў сваю карысць інтэрпрэтаваць усё, што яму кладзецца на стол. Гэты эфект яшчэ і ўзмацняецца. Таму атрымліваецца карціна, цалкам адарваная ад рэальнасці, у якой літаральна заўтра Данбас будзе захоплены.
З іншага боку, ён разумее: насамрэч так ці інакш ёсць тупік, у якім апынулася расійская армія, і яму трэба неяк гэта патлумачыць. Бо калі ўсё так добра і расійская армія так выдатна наступае, як ён пра гэта кажа, дык чаму мы ўвогуле ўсё гэта абмяркоўваем? Выдатна, пачакаем яшчэ пару дзён — і ўсё. Але не, ён лічыць патрэбным тлумачыцца з гэтай нагоды. Значыць, ёсць разуменне, што нешта ідзе не так. І гэта звязана не толькі з паспяховай украінскай кампаніяй лонгстрайку па расійскай тэрыторыі і расійскай паліўнай, энергетычнай і ваеннай інфраструктуры ўнутры Расіі, але і ўвогуле з усведамленнем унутры краіны, што і на фронце таксама адбываецца нешта не тое.
Ён разумее, што ў яго ёсць нейкія варыянты эскалацыі і, відавочна, не хоча іх ужываць, бо ўсе яны нясуць для яго вялікія рызыкі. Ні ядзерны варыянт, ні мабілізацыя, а цяпер яшчэ ў гэтым ураўненні дадаўся Аляксандр Лукашэнка — усё гэта не выглядае як рашэнне праблемы, наадварот, нясе з сабой вялікія пагрозы для яго асабіста.
Выйсці з вайны? Ён не разумее як, таму і не лічыць патрэбным. Ён у ёй завяз, выхад з вайны цяпер і замарозка па лініі фронту будуць справядліва ўспрымацца як параза, пры тым, што Пуцін так публічна і гучна абазначыў стаўкі ў гэтай вайне. Вось такая капітуляцыя для яго будзе дастатковай. Таму ён лічыць, што калі цяпер спыніцца, то такім чынам сігналізуе сваю паразу. І гэта таксама нясе для яго вялікія ўнутраныя праблемы.
Ён не бачыць, як прадаць сённяшні стан спраў і замарозку ў сённяшнім выглядзе як сваю перамогу. Лічыць, што гэта немагчыма і таксама моцна па ім ударыць. Такім чынам, у яго проста ўласны палітычны тупік. А вайна для яго ператвараецца ў чамадан без ручкі: несці далей цяжка, але і кінуць немагчыма, бо таксама будзе страшна — а раптам што здарыцца.
Пуцін нават раскрыў некаторыя падрабязнасці, чаго раней не было. Казаў: «Вось, нам Кіеў прапануе гэта — мы на гэта не пойдзем. Прапануе абмежаваць тэрыторыю вайны гэтымі чатырма рэгіёнамі — мы на гэта не пойдзем. Прапануе не бамбіць адно аднаго — таксама на гэта не пойдзем». Такім чынам ён тлумачыць расійскім грамадзянам, чаму дроны будуць прылятаць і далей.
І зусім відавочна, што ён па-ранейшаму не губляе надзеі на Трампа, вельмі чакае ў Маскве Ўіткофа і Кушнера — сказаў пра гэта. Па-ранейшаму лічыць, што ёсць шанец праз Трампа дамагчыся павароту сітуацыі на сваю карысць.
Мы насамрэч не вельмі разумеем, што адбываецца вакол Лукашэнкі. Ні з тымі пагрозамі, якія Зяленскі выстаўляў у адрас Лукашэнкі, а потым зняў, маўляў, праблема вырашылася, і ён зрабіў усё, як яго прасілі. Таксама незразумела, які ціск з боку Масквы адчуваў Лукашэнка.
Былі публікацыі ў прэсе. Пра гэта пісала The Wall Street Journal, але таксама, я б сказаў, няўцямна. Ніякага выразнага A, B, C — што вось такая праграма ёсць у Пуціна наконт Лукашэнкі: як яго выкарыстоўваць і як эскалаваць праз мяжу паміж Беларуссю і Украінай — там таксама не апісана. Але, відаць, нейкі ціск ёсць.
З іншага боку, мы па-ранейшаму не разумеем, у чым літаральна можа палягаць такая эскалацыя з яшчэ большым уцягваннем Беларусі. Бо першапачаткова зыходзім з таго, што на саму беларускую армію Масква рабіць стаўку не будзе, і Лукашэнка — тым больш.
Проста таму, што, па-першае, гэта не вельмі вялікі ўнёсак у вайсковым сэнсе — выкарыстанне беларускай арміі як такой. Акрамя гэтага, гэта проста небяспечна і рызыкоўна. Сам Лукашэнка зробіць усё, каб гэтага не было, бо ён увогуле не разумее, як тады беларускія вайскоўцы сябе паводзіць будуць і куды пачнуць страляць, у каго і ў які момант. Гэта ўсё незразумела. Самі па сабе беларускія Узброеныя сілы — гэта не актыў у гэтай вайне.
Размяшчэнне дадатковай расійскай групоўкі ў Беларусі сёння не ўяўляецца магчымым, бо ў Масквы проста няма дастаткова салдат, каб туды перакідваць і адтуль нанова наступаць. Таму гэта таксама не разглядаецца.
Мабыць, разглядаецца нейкая інфраструктура, якую можна выкарыстоўваць для дронавых і ракетных атак з тэрыторыі Беларусі.
Але з другога боку, як толькі і калі Лукашэнка пачынае яшчэ больш актыўна ў гэтым сэнсе дапамагаць Расіі, Беларусь сама становіцца мішэнню для атак, падобных да тых, якія Украіна наносіць па тэрыторыі Расіі. І гэта дакладна не трэба Лукашэнку, але гэта не трэба і Маскве. Бо, у прыватнасці, бензін, якога так не стае Расіі, сёння ідзе і з Беларусі. З тых НПЗ, што працуюць у Беларусі, паліва пастаўляецца ў Расію. Зразумела, што наступным крокам яны будуць знішчаны.
А ў Расіі не стае ўласнай СПА, дык якім чынам яны яшчэ і беларускія НПЗ абароняць?
Таму, шчыра кажучы, не вельмі зразумела, як у прынцыпе можа выглядаць гэтая эскалацыя. Мабыць, неяк можа, але ці не вернецца яна бумерангам адразу назад і ці не стане ад гэтага значна горш? Гэта вельмі вялікае пытанне.
Магчыма, мы чагосьці не бачым і не разумеем. І ёсць адчуванне, што мы чагосьці не разумеем, бо нешта абмяркоўваецца. Але калі глядзець збоку, не вельмі зразумела, як гэтая эскалацыя можа істотна палепшыць пазіцыі Масквы. І яшчэ раз: мы не бачым ніякага жадання з боку Лукашэнкі нейкім чынам у гэтым удзельнічаць.
Міхаіл Фішман, New Voice